Мінск 12:48

Лішні чалавек. Чаму Васілю Быкаву няма месца ў сённяшняй Беларусі

Вячаслаў Корасцень
Аглядальнік “Позірку”
Крыніца: Яўген Коктыш / Sputnik.by

Вялікага пісьменніка не ацэняць на радзіме па-сапраўднаму, пакуль ва ўладзе застаецца прыхільнік яго “вершаў”.

100 гадоў таму ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна нарадзіўся Васіль Быкаў. Літаратурны геній і чалавек незвычайнага лёсу.

У СССР ён быў класікам і народным пісьменнікам, на світанку беларускай незалежнасці — прыхільнікам дэмакратычных пераменаў і маральным аўтарытэтам, пры Аляксандры Лукашэнку — апанентам улады і палітычным эмігрантам, пасля смерці — дысідэнтам.

Яго дысідэнцтва можна адлічваць ад пахавання ў 2003-м пад ужо тады непажаданым бел-чырвона-белым сцягам. За два мінулыя дзесяцігоддзі, нягледзячы на усебеларускую (і не толькі) вядомасць і папулярнасць, у яго гонар не названыя шырокія вуліцы і няма яму помнікаў на плошчах. Яго юбілеі не адзначаюцца на дзяржаўным узроўні, а фільмы паводле яго твораў радзей сустрэнеш на кінаафішы, чым на архіўнай паліцы з карцінамі, не рэкамендаванымі да паказу.

Пасля падзей 2020-га Быкаў у Беларусі — амаль ерэтык. Улады не анансуюць мерапрыемстваў з нагоды яго векавога юбілею, закрываюць выставы, а асабліва гучныя прыхільнікі кіруючага рэжыму называюць пісьменніка-франтавіка “нацыстам” і патрабуюць прыбраць яго аповесці са школьнай праграмы.

Няма нічога ненатуральнага ў тым, што адбываецца. Пісьменнік Быкаў становіцца ўсё больш чужым для сучаснай Беларусі — краіны, дзе ў пашане не героі, але антыгероі яго неўміручай прозы.

Улады прыватызавалі тэму вайны

У Быкава з сённяшнімі ўладамі мноства ідэйных, маральных і эстэтычных разыходжанняў. Адно з самых відавочных — ва ўспрыманні вайны.

У пісьменніка вайна — ключавая тэма ў творчасці, але ў цэнтры яго сюжэтаў — нязменна чалавек і яго пакуты. Не трэба быць дасведчаным літаратурным крытыкам, каб убачыць, што Быкаў — антываенны пісьменнік. Такім яго зрабіў асабісты досвед — з франтавымі вёрстамі і жахамі баёў, з цяжкім раненнем пад Кіраваградам, з-за якога пэўны час малодшы лейтэнант быў у спісах загінулых. Пра гэта ён казаў і сам, прызнаючыся, што “ўсё жыццё ненавідзеў вайну”.

Асноўны пасыл у ваенных быкоўскіх творах — не пра плакатны гераізм і гібель “смерцю адважных”, а пра прагу жыцця, цяжкі маральны выбар і захаванне ў чалавеку чалавека ў самых трагічных абставінах.

Любіць разважаць пра вайну Лукашэнка, хоць і зачытвае з паперак пра важнасць міру, прапагандуе “подзвіг народа” праз пафас і рамантыку. Чым далей, тым мацней падзеі 1941–1945-га выкарыстоўваюцца ўладай у ідэалагічных мэтах — як трыумф, а не трагедыя. Чым далей, тым больш у афіцыйных святах агрэсіўнага пракрамлёўскага “победобесия”. Падтрымаўшы пуцінскую агрэсію ва Украіне, улады запусцілі ў грамадстве татальную мілітарызацыю, і вось ужо офісныя работнікі дэфілююць у колерах хакі, школьнікі вучацца разбіраць аўтамат, а выхаванцаў дзіцячых садкоў гоняць маршыраваць парадным ладам.

Чым далей, тым больш адкрыта рэжым прыватызуе перамогу, называючы сябе і сваіх прыхільнікаў яе спадкаемцамі, а апанентаў — ідэйнымі паслядоўнікамі гітлераўцаў. Да якой групы ў гэтай парадыгме адносіцца пісьменнік-ардэнаносец, які падтрымаў у канцы 80-х стварэнне Беларускага народнага фронту і хадзіў на мітынгі пад бел-чырвона-белым сцягам, здагадацца няцяжка.

Скульптура Васіля Быкава з экспазіцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Фота: "Позірк"

Асабістая непрыязнасць Лукашэнкі

Доўгі час магло здавацца, што апала Быкава адбываецца выключна з асабістай непрыязнасці з боку Лукашэнкі. І ў пэўнай ступені гэта было праўдай. Першы прэзідэнт незалежнай Беларусі неўзлюбіў класіка з самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры, і гэта пачуццё было цалкам узаемным.

Народны пісьменнік не саромеўся ў ацэнках шклоўскага аўтарытара задоўга да таго, як спецыяльна для такіх выпадкаў у Крымінальным кодэксе з’явіліся артыкулы 367 і 368.

У 1993-м, рэагуючы на заявы тады яшчэ дэпутата Лукашэнкі аб неабходнасці адраджэння СССР, пісьменнік абвінаваціў яго ў “гатоўнасці аб’яднацца хоць з самім д’яблам” дзеля ўлады.

У 1995-м, пасля збіцця дэпутатаў БНФ, якія пратэставалі супраць правядзення рэферэндуму (аб вяртанні савецкай сімволікі, наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, інтэграцыі з Расіяй, надзяленні Лукашэнкі правам распускаць парламент), ён выступіў з публіцыстыкай пад загалоўкам “Краінай кіруе хунта”.

У 2002-м, у перадсмяротнай аўтабіграфіі “Доўгая дарога дадому”, назваў кіраўніка “жорсткім, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгаса”, які абдурыў на выбарах 1994-га даверлівы народ.

Ацэнкі не нараджаліся на пустым месцы. Прыхільнік незалежнасці і еўрапейскага развіцця Беларусі, Быкаў адразу разглядзеў у Лукашэнку жаданне панаваць непадзельна і бясконца. І не памыліўся, і не прамаўчаў. І стаў сімпатызантам апазіцыі. За гэта ўлада, якая станавілася ўсё больш моцнай, шальмавала яго ў дзяржСМІ, не друкавала, плаціла 13 долараў пенсіі, выціскала ў эміграцыю.

Але зводзіць ганенні да адной толькі злой волі Лукашэнкі было б няправільна. З цягам часу ў асяроддзі першай асобы станавілася ўсё больш тых, каго лёгка пазнаць у праніклівай быкаўскай прозе. Асабліва — перабудоўнай і постсавецкай.

У “сталінскай” Беларусі ў пісьменніка шанцаў няма

У савецкі час Быкава цэнзуравалі, але гэта не перашкаджала яго творчасці несці пячатку “праўды пра вайну”. У яго “лейтэнанцкай прозе” гераізм і ахвярнасць суседнічаюць з маладушнасцю, здрадай, рэваншызмам і прыстасаванствам. І кожнае асобнае нягодніцтва глыбока прапрацавана, ці то Рыбак з “Сотнікава”, ці паліцаі са “Знака бяды”. І корань часта сыходзіць у зло не столькі чалавечай, колькі дзяржаўнай прыроды.

У меру дазволенага цэнзарамі Быкаў пісаў пра калектывізацыю, раскулачванне, асабістаў, з-за чаго час ад часу трапляў у няласку. З прыходам галоснасці стрымак не стала, і пра бальшавізм-сталінізм ён выгаварыўся настолькі, наколькі паспеў. Так з’явіліся “Аблава”, “У тумане”, “Жоўты пясочак”, “На чорных лядах” і інш.

Ён ставіў Іосіфа Сталіна ў адзін шэраг з Адольфам Гітлерам, прызнаючыся ў мемуарах, што на вайне баяцца даводзілася не толькі немцаў, але і тых, хто “ззаду” — “начальства і карныя органы”. Казаў, што “ворагі могуць прамахнуцца”, а “свае промаху не дадуць”.

Тое, як імкліва пасля 2020 года Беларусь звяртаецца да сталінскіх метадаў, не пакідае сумневаў: пры цяперашняй уладзе ў Быкава няма шанцаў на заслужанае прызнанне.

Масавыя рэпрэсіі, пачатыя пасля выбараў і бясконцыя дагэтуль, праводзяцца быццам паводле канспектаў тых часоў: рэйды, аблавы, чысткі, пагромы кватэр, “пакаянныя” відэазапісы, закрытыя суды, катавальныя ўмовы ў турмах, смерці палітвязняў, якіх хіба што яшчэ “ворагамі народа” адкрыта не называюць.

Татальны страх у грамадстве, пакаранне за чытанне “няправільных” рэсурсаў і кніг, пераслед за любое іншадумства, заахвочванне даносаў — гэта ўсё таксама адтуль. Няма толькі расстрэлаў, але сталінскія тэрміны ў судах раздаюць налева і направа.

З экспазіцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Фота: "Позірк"

На ўсю краіну — адзін помнік і дзве мемарыяльныя дошкі

Праз 11 гадоў пасля смерці пісьменнік Быкаў зноў стаў пісьменнікам-эмігрантам. Падобна на тое, яго 100-годдзе больш актыўна адзначаць за мяжой, чым у Беларусі.

Калі меркаваць па анонсах, то на радзіме больш-менш прыкметна даніну класіку аддадуць толькі на яго лецішчы-музеі ў Ждановічах. Запланавана мерапрыемства ў сядзібе-музеі ў Бычках — роднай вёсцы пісьменніка. У Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва адкрытая выстава. На тэлеканале “Беларусь 3” запланаваны фільм “Доўгія вёрсты вайны” па матывах твораў.

Пры гэтым на пачатку лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры раптоўна — на дзясяты дзень працы — згарнулі экспазіцыю, прысвечаную юбілею народнага пісьменніка. Яна павінна была працаваць да траўня, але па невядомай камандзе была закрытая.

Лукашэнка, які, як вядома, вырас на неіснуючых “вершах Быкава”, 8 чэрвеня так павіншаваў праўладны Саюз пісьменнікаў, што пра “перыяд Вялікай Айчыннай вайны” ўспомніў, а галоўнага яе літаратара не згадаў.

Адзіны помнік аднаму з самых папулярных беларускіх празаікаў устаноўлены ў 2021 годзе на яго малой радзіме ва Ушачах. Грошы на праект сабралі з дапамогай краўдфандынгу.

Мемарыяльныя дошкі ў гонар Быкава на ўсю краіну дзве: у Мінску і Віцебску. Першую без дзяржфінансавання адкрылі ў 2020-м на фасадзе дома, у якім пісьменнік пражываў з 1978 года. Другая ўстаноўленая ў 2008-м на будынку былога мастацкага тэхнікума, дзе малады талент вучыўся жывапісу. Каб выканаць дзяржзаказ, скульптарам Аляксандру Гвоздзікаву і Валерыю Магучаму прыйшлося дакладваць з уласных сродкаў.

Дзясятак вуліц імя Быкава пралягаюць па ўскраінах раённых цэнтраў або вёсках накшталт Закаблук пад Мінскам. Пашырыць прысутнасць вялікага земляка ў беларускіх гарадах не аднойчы прасілі грамадзяне, якія збіралі подпісы і петыцыі, але ўлады да такіх хадайніцтваў кожны раз ставіліся без энтузіязму.

Затое 17 чэрвеня ліцэю Белдзяржуніверсітэта без затрымак прысвоілі імя Фелікса Дзяржынскага — аднаго з арганізатараў “чырвонага тэрору”, у гонар якога ў Беларусі стаяць помнікі і названыя не толькі праспекты і вуліцы, але і цэлыя гарады.

Логіку такой тапанімікі яшчэ тры гады таму патлумачыў чалавек з голасам міліцэйскага генерала Мікалая Карпянкова. На злітым аб’яднаннем ByPol аўдыёзапісы выступу перад асабістым складам ён назваў апанентаў дзейнай улады “лішнімі людзьмі”. І дадаў, што з такімі — размова кароткая.

Падзяліцца: