Мінск 19:46

Праваабаронца Рамановіч: Было тры дні, каб з’ехаць з Беларусі

Алесь Рамановіч: першы здымак у ЕС
Фота: "Позірк"

З Беларусі ў складаных умовах эвакуяваны праваабаронца Алесь Рамановіч. Да гэтага ён некалькі разоў быў затрыманы і з’яўляўся фігурантам крымінальнай справы супраць праваабаронцаў “Брэсцкай Вясны”.

“Позірк” паразмаўляў з Рамановічам пра грамадска-палітычную дзейнасць у Беларусі, чаму ён доўгі час знаходзіўся на радзіме, нягледзячы на ўпарты пераслед з боку ўладаў, і чаму ўсё ж з’ехаў.

Алесь Рамановіч у грамадска-палітычным жыцці больш за 20 год. У 2020-м актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, дапамагаў затрыманым як праваабаронца. Агулам з 2020-га па 2024 год прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці сем разоў. Пасля апошняга асабліва жорсткага затрымання па справе “Брэсцкай Вясны” і рызыкі крымінальнага пераследу быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Для яго абвешчаны збор.

“Людзі не ведалі сваіх элементарных правоў”

— Як вы патрапілі ў палітыку і заняліся праваабарончай дзейнасцю?

— Я заўсёды быў супраць Лукашэнкі, ніколі не лічыў яго нармальным палітыкам. Памятаю, што насіў улёткі супраць першага рэферэндума (у 1995 годзе. — “Позірк”.). У 2003 годзе я першы раз удзельнічаў як давераная асоба аднаго з кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовы савет, а ў 2006 годзе — у прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, збіраў подпісы, займаўся агітацыяй.

— У вас даволі вялікі палітычны бэкграўнд, але што вас зачапіла ў 2020 годзе? Адкуль разуменне, што варта дапамагчы людзям, якія толькі зацікавіліся палітыкай?

— У палітычнай кампаніі 2020 года я не ўдзельнічаў. На гэта былі асабістыя прычыны. Але далейшыя падзеі былі чаканыя і нават непазбежныя. Калі пачаліся пратэсты, я і сам узяў у іх удзел. Паўсюдна, дзе збіраліся людзі, я быў таксама.

Я зразумеў, што асноўнай масе людзей у 2020 годзе не было цікава, якія ёсць палітычныя сілы, арганізацыі. Проста людзі выступілі супраць Лукашэнкі, большасць нават не ведалі, чым адрозніваюцца правыя палітычныя сілы ад левых. Я тады не хацеў, каб мяне асацыявалі з палітычнымі сіламі, я камунікаваў з людзьмі, якія супраць Лукашэнкі.

Пасля пачаліся затрыманні, вельмі масава людзей пачалі судзіць. Стала відавочна, што ім патрэбна дапамога. Людзі не ведалі сваіх элементарных правоў. Напрыклад, што могуць заяўляць хадайніцтва, азнаёміцца са справай. Часта людзі прыходзілі на суд і не ведалі, за што іх судзяць.

Тады зрабілі абвестку ў тэлеграм-канале “Пінск для жыцця”, што ёсць праваабаронцы, якія могуць дапамагчы. І людзі сталі тэлефанаваць. Я пачаў хадзіць, сустракацца па гэтых судах.

Колькі прайшло праз вас такіх людзей?

— Ніколі не лічыў. Было такое, што я прыйшоў, бо мне тэлефанаваў адзін чалавек, а там па адміністрацыйнай справе было каля дзесяці. Я пачынаў яму распавядаць, рыхтаваць да працэсу, а мяне абступалі людзі, слухалі. Так я кансультаваў не аднаго чалавека, а цэлую групу.

Вельмі шмат у 2020 годзе было адміністрацыйных спраў, потым пайшлі крымінальныя.

Колькі магло быць судоў у дзень?

— У дзень максімальна ў мяне магло быць тры-чатыры суды. Здаралася, што адміністрацыйныя працэсы вялі два суддзі, і мне даводзілася абіраць, куды ісці. Калі крымінальныя суды, то па адным на дзень.

Ездзіў і ў другія гарады, не толькі ў Пінску хадзіў. У асноўным Лунінец, Іванава, Драгічын. Не было свайго аўтамабіля, таму даводзілася ехаць на цягніку. Калі я ведаў, што ў бліжэйшым горадзе будзе нешта такое, сядаў у цягнік і ехаў.

Было, што заходзіў ў “Тэлеграм”, бачыў у чаце допіс “У мяне праз 1,5 гадзіны суд, ці ёсць тут праваабаронцы?” Я звязваўся з чалавекам, садзіўся на ровар, ехаў да яго і пачынаў рыхтаваць.

Часта здараліся сітуацыі, калі людзі проста знікалі, мы пачыналі іх шукаць. Часцей за ўсё яны знаходзіліся ў ІЧУ, бывала, што ў Следчым камітэце.

Фота: "Позірк"

Клімовічу дапамог чым мог

Ці былі ў вас гісторыі абароны людзей, якія асабліва запомніліся?

— Адна з самых запамінальных гісторый звязаная з Мікалаем Клімовічам (палітвязням, які памёр у турме. — Позірк.). Зімой 2022 года ён мне патэлефанаваў, распавёў, што быў у лякарні. Затрымліваў яго ГУБАЗіК, яго, інваліда другой групы, адправілі ў ІЧУ, дзе яму стала кепска. Супрацоўнікі ІЧУ бачылі, што ў яго нават сляды ад швоў пасля складанай аперацыі на сэрцы засталіся, таму, калі яму стала рэальна блага, выклікалі хуткую дапамогу, завезлі ў бальніцу.

Я калі з ім паразмаўляў, зразумеў, што адміністрацыйнай справай не скончыцца. Параіў Мікалаю наняць адваката. Праз два дні Клімовіча ўжо павезлі ў Следчы камітэт. Я яму надаваў юрыдычную дапамогу. Ён тады даў інтэрв’ю “Позірку”, бо вельмі хацеў, каб справа атрымала розгалас. Яго абурала, што яго, чалавека з інваліднасцю, так пераследуюць.

Мяне вельмі здзівіў вырак суда. Усе былі ўпэўненыя, што Мікалаю праз інваліднасць будзе “хатняя хімія” (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрыталаг тыпу. — “Позірк”.). Нават следчы, які вёў гэтую справу. Але потым пракурор запытаў год калоніі праз смайлік у “Аднакласніках”… Як мы ведаем, Мікалай жыў, пакуль быў у СІЗА, а як толькі пераехаў у калонію, адразу памёр.

Чым мог, я дапамог, нават сабрацца перад вынясеннем прысуду. Мы тады з ім цэлы дзень правялі разам. Я дапамог сабраць сумку з прадуктамі. Мікалай вельмі баяўся, што не перажыве зняволенне. Я яго супакойваў, давялося рыхтаваць яго і псіхалагічна.

Але як ён казаў, што не перажыве, так і адбылося.

— Падчас такой працы вы, няма сумневу, атрымалі вялікую хвалю салідарнасці. Ці яна захавалася?

— Спачатку мы арганізоўвалі перадачы людзям, якіх саджалі па адміністрацыйных справах. Але потым улады забаранілі любыя перадачы. А так людзі хутка адгукаліся, і калі патрэбна было нават дзесяць перадач сабраць за дзень, мы маглі гэта зрабіць.

Зараз людзі пачалі баяцца, таму што [ўлады] вельмі жорстка рэагуюць, вельмі рызыкоўна гэтую салідарнасць праяўляць. Я думаю, што яна засталася і цяпер, але на больш прыхаваным узроўні.

Улады і сілавікі змагаюцца з гэтай салідарнасцю, пачалі яшчэ з 2020 года. Яна вельмі іх пужае.

“Зразумеў, што няма ніякага шансу застацца на волі”

Як да вашай дзейнасці ставіліся ўлады?

— Спачатку, яшчэ ў 2020 годзе, я хадзіў кожную нядзелю гуляць у горадзе, сустракацца з сябрамі. І мяне кожную нядзелю затрымлівалі, было некалькі адміністрацыйных спраў. Потым затрымлівалі для “высвятлення асобы” і адпускалі. Некаторы час ім было нудна затрымліваць, і я гуляў свабодна.

Да пачатку 2022 года я хадзіў на гэтыя нядзельныя прагулкі ў майцы або са значком з “Пагоняй”. Вясной 2022-га мяне за гэта затрымалі, прызначылі даволі вялікі штраф — 100 базавых велічынь (на той момант 3.200 рублёў. — “Позірк”.). Пасадзіць мяне не маглі, бо я на той момант даглядаў брата, інваліда першай групы, таму далі максімальны штраф. За быццам бы ўдзел у масавым мерапрыемстве, нібыта я пікетаваў гэтым значком з “Пагоняй”.

Пасля т. зв. рэферэндуму ў 2022 годзе я выйшаў на плошчу. Склалі адміністрацыйную справу за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Я пратэставаў супраць вайны ва Украіне. Гэта была другая адміністрацыйная справа за год.

Тады ж у мяне былі “маскі-шоў”. Я выйшаў з хаты, і ГУБАЗіК з амапаўцамі паклалі мяне на зямлю, правялі дома вобшук. Яны думалі, што я адміністратар чата, але доказаў не знайшлі, завялі адміністрацыйную справу. Трое сутак быў у ІЧУ, выйшаў са штрафам, а пасля даведаўся, што мяне пазбавілі апекі над братам.

Але пры гэтым вы заставаліся ў Беларусі. Чаму?

— Былі рэпрэсіі, пераслед, быў адміністрацыйны арышт. Прыходзілі да мяне з аглядам, праводзілі вобшукі. Крымінальны вышук да мяне прыходзіў, калі яны вырашылі, што я “зліў” некаму асабістыя звесткі пракурора.

Я не планаваў з’язджаць, бачыў сябе ў Беларусі. Я беларус, чаму я павінен быў з’язджаць? Але прыняў рашэнне з’ехаць, калі зразумеў, што няма ніякага шансу застацца на волі. Калі б было хоць 50%, я б застаўся. Бо ў мяне у Беларусі бацька-інвалід і брат, якія залежаць ад мяне. Я не мог так проста ўзяць і з’ехаць.

Яшчэ калі ў 2022 годзе прыйшоў ГУБАЗіК, ён мне прама казаў: “З’язджай з Беларусі”. Пагражалі, што, калі хоць штосьці пра мяне пачуюць, будзе яшчэ горш.

А што змянілася ў 2024 годзе? Што за справа, па якой да вас прыходзілі сілавікі?

— Сёлета, як я пазней даведаўся, была новая справа, заведзеная супраць праваабарончага цэнтра “Вясна”. У межах гэтай крымінальнай справы была выдадзеная пастанова на вобшук у мяне дома.

Сілавікі не проста прыйшлі да мяне дадому, яны выламалі дзверы. Я прачнуўся ад моцнага грукату і словаў: “Работаем!” Супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПу мяне проста выцягнулі з ложка, паклалі на падлогу. Пачалі дапытвацца, дзе тэлефон, знайшлі яго і проста там жа — нікога побач не было, бо дом на дзве розныя кватэры — пачалі выломваць рукі, дапытвацца, фактычна катаваць.

Першае, што іх цікавіла, — мае стасункі з “Вясной”. Што я рабіў на судах, ці перадаваў я камусьці даныя, запытваліся пра некаторых знаёмых. Я так разумею, што мае адказы ім не спадабаліся. Нічога не казаць быў не варыянт, але я стараўся казаць нешта, каб не агаварыць сябе ці кагосьці яшчэ.

Пасля гэтага ўсяго і вобшуку яны запрасілі двух панятых. Панятыя падпісалі паперы, і мяне павезлі ў ГАУС. Давялося ехаць у кайданках, рукі за спіной. сілавікі ўжываліі балявыя прыёмы і падчас пераезду.

У апорным пункце завялі адміністрацыйную справу як быццам за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры вобшуку. Адтуль павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе я правёў ноч. А на наступны дзень на судзе я заявіў хадайніцтва, што мне патрэбная дапамога адваката. Тлумачыў гэта тым, што зараз у такім стане, што не магу забяспечыць сам сабе абарону. Суддзя задаволіў гэтае хадайніцтва і перанёс пасяджэнне.

Ці памятаеце момант, калі стала зразумела, што варта з’язджаць?

— Недзе тады. Сябры скінулі мне каментар прадстаўніка ГУБАЗіКа, які казаў пра справу “Брэсцкай Вясны”, і раілі з’ехаць.

Я пачаў збірацца, звярнуўся ў BYSOL, патлумачыў сітуацыю, у мяне на той момант не было нават візы. Чалавек, з якім я размаўляў, папрасіў мяне паказаць свой тэлефон, і мы разам выявілі нейкую праграму-шпіён, у яе быў доступ да інфармацыі ў тэлефоне.

Я гэтую праграму ўспрымаў як сістэмную, яна называлася Security system. Калі я ёй абмежаваў доступ да даных, праз некалькі гадзін, калі я рыхтаваўся з’язджаць, прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа — тыя ж, хто мяне затрымліваў раней.

Думаю, што тую праграму падсадзілі яны ж пад час вобшуку і катаванняў, бо тэлефон быў у іх у руках увесь час.

Кажуць нешта накшталт “ну што, не чакаў?” Я ўжо зразумеў, што да чаго. Яны прыехалі ўжо самі ўдвух, без “Шторму”, без АМАПу, забралі ў апорны пункт, а пасля ў ІЧУ. На наступны дзень судзілі па старым адміністрацыйным пратаколе, хоць быў стары.

Далі 15 сутак. Адразу пасля суда мяне завезлі ў пінскі ІЧУ, але на ўваходзе стаяў супрацоўнік ГУБАЗіКа. Ён сказаў: “Мы яго забіраем”. Праз хвілін 20 ён жа сказаў, што прыедуць нейкія людзі і я павінен ім распавесці тое ж, што ім пры вобшуку. Магчыма, маўляў, тады я змагу выйсці пасля 15 сутак. Я пагадзіўся.

Там я ўбачыў супрацоўніка АНТ Андрэя Аляксандрава. Падчас гэтай размовы я казаў, што даўно ўжо займаюся грамадска-палітычнай дзейнасцю, маю шмат знаёмых, хадзіў па судах, чыста па сваёй ініцыятыве, мог абмяркоўваць нейкія судовыя пасяджэнні, сітуацыю з правамі чалавека. Не пацвердзіў, што “Вясна” экстрэмісцкая.

Пасля гэтага мяне павезлі ў Брэст. На светла-шэрай Geely супрацоўнікі ГУБАЗіКа у цывільным. Я так зразумеў, што мяне везлі туды, каб ім да мяне не ездзіць, бо яны былі брэсцкія.

Яны сказалі, што я пастаянна намагаюся выкручвацца, сядзець на двух крэслах і яны яшчэ са мной будуць размаўляць. Але на працягу 15 сутак толькі адзін раз перад сканчэннем тэрміну прыйшоў той жа супрацоўнік ГУБАЗіКа. Зноў жа правёў допыт, але без ужывання сілы. Я яго пытаў, ці выйду. І ён адказаў: “У цябе ёсць тры дні”. І дадаў, што ён слова афіцэра трымае наконт гэтага.

На наступны дзень мяне адпусцілі, бо скончыўся тэрмін. Баяўся вельмі, што адтуль далёка не сыйду, што перазатрымаюць. Да Пінска дабіраўся, каб нідзе не свяціцца. Дома яшчэ пераначаваў, звязаўся з BYSOL зноў і на наступны дзень з’ехаў.

Фота: з прыватнага архіву Алеся Рамановіча

“Сумую па родных. Па самой Беларусі — не”

Андрэй Стрыжак з BYSOL сказаў, што гэта была адна з найскладаных эвакуацый. Чаму?

— Лепш запытацца ў яго. Але цалкам верагодна таму, што з першага разу не атрымалася. А агулам другі этап эвакуацыі заняў па часе тры тыдні.

Мне і фінансава з BYSOL дапамаглі. Бо падчас знаходжання ў трэцяй краіне, дзе знаходзіцца было небяспечна, не хапала грошаў.

— Ці цяжка даўся ад’езд? Пра што думалася ў апошнюю ноч у Беларусі?

— Цяжка, я не планаваў наогул ехаць. Да апошняга вагаўся, ці не застацца. Выбар быў такі: ці быць чарговым палітвязням, ці ўсё ж на волі, але за межамі Беларусі. У выніку я вырашыў, што варта паспрабаваць выехаць.

Што цяпер? Якія планы, і ці ёсць сум па Беларусі?

— Калі пераехаў мяжу ЕС, нарэшце адчуў сябе цалкам у бяспецы. Цяпер планую легалізавацца, прасіць міжнародную абарону ў Польшчы.

Разумею, што вярнуцца ў Беларусь пакуль не магу. Калі вярнуся, то ясна, дзе буду.

Сёння я больш сумую па тым, што засталося ў Беларусі: па родных, блізкіх людзях, па доме, гародзе. Па самой Беларусі — не.

Падзяліцца: