Мінск 18:56

Новы рэгламент КР можа быць зацверджаны на наступным тыдні

Новы рэгламент (статут) Каардынацыйнай рады можа быць зацверджаны на наступным тыдні, паведамілі “Позірку” прадстаўнікі дзвюх найбуйнейшых фракцый Юрась Губарэвіч (“Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”) і Андрэй Ягораў (“Блок Пракоп’ева — Ягорава”).

Выбары ў КР адбыліся 25-27 траўня, на іх прагаласавала 6.723 чалавекі. Па выніках электаральнай кампаніі ў структуру абрана 80 дэлегатаў, якія прадстаўляюць 8 блокаў: “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” (28 дэлегатаў), “Блок Пракоп’ева — Ягорава” (13), “Еўрапейскі выбар” (8), “Незалежныя беларусы” (8), “Моладзевы наступ” (8), “Воля” (6), “Наша справа” (6) і “Хопіць баяцца!” (3).

Менавіта палажэнні рэгламенту сталі каменем спатыкнення для пачатку працы КР трэцяга складу.

18 чэрвеня аргкамітэт, створаны з ініцыятывы кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, паведаміў, што першае пасяджэнне новаабранага органа “можа адбыцца 20 чэрвеня”. Аднак гэтага не адбылося.

Ягораў: Большасць вырашае жыць паводле прынцыпаў дзедаўшчыны, а меншасць настойвае на захаванні правіл

Прычынай гэтага адзін з лідараў “Блока Пракоп’ева — Ягорава”, спікер КР другога склікання Андрэй Ягораў назваў рознагалоссі з нагоды рэгламенту.

“Абраная большасць прагаласавала за прыпыненне дзеяння рэгламенту КР. Іншая частка дэлегатаў лічыць, што гэта галасаванне парушае правілы, таму што не набрала 2/3 ад складу, а таму [прыняты раней] рэгламент працягвае дзейнічаць. Таму ўзнікла такая прававая нявызначанасць, калі большасць КР вырашае жыць паводле прынцыпаў дзедаўшчыны, а меншасць настойвае на захаванні правіл”, — сказаў суразмоўца.

У гэтай крызіснай сітуацыі, паводле слоў Ягорава, з’явілася “здаровая ініцыятыва” ад “Моладзевага наступу”: спачатку трэба ўзгадніць папраўкі ў рэгламент, прыняць іх 2/3 галасоў у адпаведнасці з працэдурнымі правіламі, а ўжо потым пераходзіць да вырашэння іншых пытанняў, у тым ліку прызначэння спікера і віцэ-спікера.

Вось гэтыя ўзгадненні і дэбаты, лічыць суразмоўца, і адкладаюць правядзенне першага пасяджэння.

“Спадзяюся, на наступным тыдні гэтае пытанне будзе развязанае, бо ўсе фракцыі ўключаныя ў абмеркаванне паправак”, — сказаў палітык. Паводле яго інфармацыі, 22 чэрвеня адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў аб’яднанняў, якія маюць права голасу. Калі яна прынясе плён, 24 чэрвеня рэгламент з папраўкамі будзе апублікаваны для азнаямлення ўсіх членаў КР.

На думку Ягорава, для эфектыўнай дзейнасці ўсім фракцыям трэба “прыйсці ў нармальны працоўны стан”, перастаць “раскідвацца ўзаемнымі абвінавачваннямі” і адмовіцца ад “крокаў неканструктыўнага парадку, звязаных ці то з прыгнётам правоў меншасці, ці то з крытыкай ініцыятыў, якія зыходзяць ад большасці”.

Губарэвіч: Калапс паўстаў праз тое, што прыняты раней статут не адказвае цяперашняй канфігурацыі

Называюць рэгламент механізмам, праз які не праводзіцца першае пасяджэнне, і ў аб’яднанні “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”. Штопраўда, аргументацыя некалькі іншая.

“Стары рэгламент не ўтрымлівае палажэнняў аб парадку правядзення першага пасяджэння, — адзначыў адзін з лідараў спісу Юрась Губарэвіч. — Не пазначаныя неабходныя працэдуры: абранне вядучага і сакратара пасяджэння, фармаванне рабочых органаў і парадку дня. Гэтую сітуацыю ўдалося абысці шляхам стварэння аргкамітэта, які прапанаваў працэдуры для пачатку працы. Такое рашэнне падтрымала большасць дзеючага складу КР”.

Суразмоўца “Позірку” назваў і іншыя моманты, звязаныя з рэгламентам, якія “не дазваляюць у цэлым запусціць працу КР у гэтай новай канфігурацыі”. Гаворка ідзе аб фармаванні кіроўных органаў КР, у першую чаргу — рады фракцый (паводле старой версіі) або прэзідыума (прапануецца цяпер).

“У адпаведнасці з рэгламентам КР-2 толькі два выбарчыя спісы могуць дэлегаваць у нараду сваіх прадстаўнікоў, бо паводле працэдуры можна вылучаць аднаго прадстаўніка ад дзевяці дэлегатаў. А калі не ствараецца нарада, то нельга ў тым ліку сфармаваць камісіі”, — патлумачыў Губарэвіч.

Сітуацыю, што склалася, ён назваў “калапсам”, які ўзнік праз тое, што “прыняты раней статут не адказвае цяперашняй канфігурацыі”.

Палітык пацвердзіў, што 22 чэрвеня пройдзе сустрэча прадстаўнікоў усіх фракцый, на якой плануецца канчаткова ўзгадніць праўкі, пасля чаго новая рэдакцыя рэгламенту будзе вынесена на суд усіх членаў КР.

“Я бачу, што ёсць жаданне супрацоўнічаць ва ўсіх фракцый КР. Але ёсць члены КР, якія настойваюць на важнасці працэдурных момантаў, каб былі ўлічаныя інтарэсы ўсіх бакоў. Гэта справядліва”, — заявіў Губарэвіч.

Ён выказаў надзею, што пасля рашэння працэдурных і арганізацыйных момантаў дэлегаты “сканцэнтруюцца менавіта на працы КР, а не на ўнутраных пытаннях”.

КР трэцяга склікання ўступіў у паўнамоцтвы 12 чэрвеня — такое рашэнне было прынята па выніках пасяджэння прадстаўнікоў новага і папярэдняга складаў палітычнай структуры.

Пасяджэнне прайшло ў анлайн-фармаце, трансляцыя вялася ў ютуб-канале КР.

Пасля вітальнага слова дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і спікера Каардынацыйнай рады другога склікання Андрэя Ягорава бачаннем працы КР падзяліліся Роза Турарбекава (кааліцыя “Наша справа”), Максім Шабуцкі (“Незалежныя беларусы”), Вадзім Пракоп’еў (“Блок Пракоп’ева — Ягорава”), Таццяна Мартынава (“Хопіць баяцца!”), Лізавета Пракопчык (“Моладзевы наступ”).

Адсутнічалі на пасяджэнні прадстаўнікі спісаў “Воля” і “Еўрапейскі выбар”. Павел Латушка, адзін з лідараў кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, прысутнічаў сярод удзельнікаў, але пакінуў пасяджэнне да яго заканчэння, так і не выступіўшы.

За некалькі гадзін да сходу пяць кааліцый КР трэцяга склікання абвясцілі аб намеры сфармаваць працоўныя органы палітычнай структуры.

У сумеснай заяве спісаў “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, “Еўрапейскі выбар”, “Незалежныя беларусы”, “Воля” і “Хопіць баяцца!” адзначаецца, што для рэалізацыі гэтай задачы будзе сфармаваны аргкамітэт, куды трэба вылучыць па адным прадстаўніку ад кожнага спісу.

Гл. таксама:

Латушка vs. Ягораў, або Жарсці па КР 3.0

Выбары ў Каардынацыйную раду: поўны правал ці шанец удыхнуць жыццё ў праблемную структуру? (на рускай мове)

Падзяліцца: