Мінск 01:58

Выдаўца Андрэй Янушкевіч: Іншыя пра нас не напішуць

Андрэй Янушкевіч
Фота: "Позірк"

“Выдавецтва Андрэя Янушкевіча” друкуе кнігі на беларускай мове і з’яўляецца спадкаемцам выдавецтва “Янушкевіч” (Мінск, Беларусь), закрытага на пачатку 2023 года рэжымам Лукашэнкі. Гэта працяг кнігарні “Кнігаўка”, якая працавала ў Мінску толькі адзін дзень, 16 траўня 2022 года. Такую інфармацыю можа знайсці на цяперашнім сайце “Кнігаўкі”.

“Позірк” асвятляў падзеі, звязаныя з адбыўшымся ўжо больш за два гады таму ператрусам у мінскай краме “Кнігаўка”. Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы — літаратуразнаўцу і блогера Насту Карнацкую — затрымалі і некалькі разоў запар арыштоўвалі (агулам на 28 і 23 дні адпаведна). Пасля гэтага яны пакінулі краіну.

У выніку выдавецтва “Янушкевіч” з-за палітычнага пераследу пераехала з Беларусі ў Польшчу, дзе аднавіла працу ўвосень 2022 года. А сёлета ў лютым “Кнігаўка” адчыніла свае дзверы ў польскай сталіцы па адрасе вул. Клапатоўскага, 4 (ul. Kłopotowskiego 4).

Пра цяперашнюю дзейнасць выдавецтва “Позірк” паразмаўляў з Андрэем Янушкевічам.

“Пераломнай вехай стаў “Гары Потэр”

— Калі ласка, нагадайце гісторыю выдавецтва, распавядзіце пра яго спецыялізацыю.

— Нашае выдавецтва было заснавана ў 2014 годзе, то бок прайшло ўжо 10 гадоў. З самога пачатку яно задумвалася як выдавецтва спецыялізаванае, з акцэнтам на выданне гістарычнай літаратуры ў жанры non-fiction. Але неўзабаве, праз некалькі гадоў, мы пераключыліся на ўніверсальны фармат, пачалі выдаваць мастацкую літаратуру. Усё пачалося з кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Кнута Гамсэна з Нарвегіі. І паступова ў нас выйшлі першыя мастацкія кнігі беларускіх аўтараў, дзіцячыя, кулінарныя кнігі і гэтак далей.

Мы пастаянна развіваліся, рабілі акцэнт на інтэрнэт-продажах, на цесным узаемадзеянні з чытачамі. Хутка зразумелі, што калі мы хочам істотна і якасна павялічыць свой асартымент, то трэба рабіць стаўку на перакладную літаратуру. Пераломнай вехай, канешне, для нас стала выданне ў 2019 годзе першай кнігі Джоан Роўлінг пра Гары Потэра, менавіта “Гары Потэр і філасофскі камень”. Гэта быў штуршок для нашай распазнавальнасці сярод беларусаў. І гэта дало штуршок нашаму бюджэту: нас заўважылі чытачы-пакупнікі, і мы гэты тэмп не згубілі, наступныя тры гады развіваліся. У нас было шмат “трапных выстралаў”: гэта і выданне фэнтэзі-серыі Анджэя Сапкоўскага пра Вядзьмара, і выданне ў жніўні 2020 года рамана Джорджа Оруэла “1984” — кніга імгненна стала бестсэлерам.

У рэшце рэшт з-за нашага росту ўлады пачалі нам ставіць палкі ў калёсы: блакавалі банкаўскія рахункі, у 2021 годзе былі вобшукі з боку ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. — “Позірк”.), нашы кнігі выкідвалі з сеткі “Белкніга”. Беларускі этап нашай гісторыі скончыўся ў траўні 2022 года, калі мы адкрылі ўласную кнігарню “Кнігаўка” ў Мінску і ў той жа ж дзень на нас наляцелі прапагандысты і ГУБАЗіК, кнігарня была закрыта, а яе супрацоўнікі — арыштаваны.

Восенню 2022 года распачаўся мігранцкі перыяд у Варшаве, у верасні 2022 года мы выдалі тут першыя кнігі на беларускай мове. Паступова наш асартымент пашыраўся, а ў лютым 2024 года, роўна праз 10 гадоў пасля заснавання выдавецтва, мы наноў адкрылі “Кнігаўку” — беларускую кнігарню ў Варшаве.

Фота: "Кнігаўка"

“У Варшаве мы не змянілі сваіх падыходаў”

— Якія кнігі выдадзеныя за апошні перыяд, чаму менавіта гэтыя кнігі?

— У Варшаве мы не змянілі сваіх падыходаў. Але зразумелі, што трэба падстройвацца пад мясцовыя варункі. Гэта азначае, што мы робім даволі шмат перавыданняў тых кніг, якія карысталіся папулярнасцю ў Беларусі і якія мы не можам сюды перавезці або наклады якіх скончыліся.

Ну і мы не забываем пра новыя пераклады. У гэтым плане можам пахваліцца выданнем першых твораў Стывена Кінга, Кормака Макарці, Эрыха Марыі Рэмарка, Станіслава Віткевіча і Джона Толкіна.

Мы заўсёды імкнуліся да самадастатковасці, якая абапіраецца на самаакупнасць. Для нас важна выдаваць тыя кнігі, якія б карысталіся папулярнасцю ў чытачоў. І калі з сусветна вядомымі творамі ты разумееш, што не праколешся: стаўка на выданне Джона Толкіна ці Стывена Кінга безумоўна выйгрышная, — то, калі бярэшся за выданне не самых вядомых аўтараў альбо дэбютантаў, рацыянальныя матэматычныя разлікі не заўсёды дапамагаюць. Праколы тут сустракаюцца даволі часта.

Але так збудаваны выдавецкі бізнес, што ты да канца ніколі не зразумееш, што будзе прадавацца, пакуль не пачнецца практыка.

— А ці даводзіцца дадрукоўваць наклад той або іншай кнігі?

— Добрую палову кніг выдаем з разлікам на далейшы дадрук, то бок спачатку робіцца першасны наклад, некалькі сотняў экземпляраў. Мы сочым, як яны распаўсюджваюцца, пайшла гэта кніга ці не. Калі наклад скончваецца і мы бачым, што кніга карыстаецца папулярнасцю, робім лічбавы дадрук.

На сёння гэта адна з новых стратэгій у выдавецкай справе, якая дазваляе не турбавацца пра канчатковы, фінальны наклад. І такім чынам мы выдаем шмат кніг: і Оруэла “1984”, і некаторыя кнігі Альгерда Бахарэвіча, і “Час пустазелля” Ганны Янкуты. Гэта, як правіла, кнігі ў мяккай вокладцы, без малюнкаў і ілюстрацый.

Ілюстраваныя дзіцячыя выданні ці тоўстыя кнігі ў цвёрдай вокладцы выгадней адразу рабіць вялікім накладам і трымаць на складзе. Але такая кніга павінна мець у сабе хаця б патэнцыял бестсэлера. Таму кнігі Стывена Кінга, Джона Толкіна, “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча, “Вядзьмар” Анджэя Сапкоўскага выдаюцца адразу тысячнымі накладамі.

“Арыгінальная беларуская літаратура дапамагае асэнсоўваць рэальнасць”

— Наколькі гэтыя кнігі запатрабаваныя, што можна распавесці пра рэйтынг продажаў?

— Калі браць рэйтынгі продажаў, то за апошнія паўгода-год, безумоўна, у лідарах кнігі Джона Толкіна і Анджэя Сапкоўскага, адпаведна “Валадар пярсцёнкаў” і “Вядзьмар”. Набірае абароты Стывен Кінг, мы выдалі яго раман “Ззянне”.

Але радуе той факт, што арыгінальная беларуская літаратура таксама мае сваіх прыхільнікаў, і іх становіцца ўсё больш. На першых радках у нас ужо другі год кнігі Альгерда Бахарэвіча: “Ператрус у музэі”, “Сабакі Эўропы” і новы прыгодніцкі раман “Капітан Лятучая Рыба”.

Стала бестселерам кніга Ганны Янкуты “Час пустазелля”. Кніга Аляксандра Чарнухі “Свінні” таксама карыстаецца папулярнасцю. І гэта радуе, бо паказвае, што людзі цягнуцца да сваёй літаратуры, таму што толькі яна дапамагае асэнсоўваць рэальнасць, скажам так, з беларускага літаратурнага пункту гледжання. Іншыя пра нас не напішуць, толькі мы самі павінны зафіксаваць і апрацаваць тое, што адбываецца з намі.

Фота: "Кнігаўка"

“Выдаючы беларускую кнігу, выконваем культурную місію”

— Як прымаецца рашэнне выдаць ту ці іншую кнігу?

— На наш выбар уплываюць дзве рэчы: накіраванасць на аўдыторыю (кніга павінна раскупацца) і якасць літаратуры, літаратурная вага. Калі мяне пытаюць, ці камерцыйнае мы выдавецтва, я кажу “так”, але камерцыйны складнік у нашай дзейнасці займае 50%. Другі складнік — культурная місія. Мы разумеем, што выконваем яе, выдаючы беларускую літаратуру.

Аднак для нас вельмі важна цвёрда стаяць на нагах, мы не працуем дзеля архіваў, стварэння сабе “помнікаў нерукатворных”. Для нас важна, каб тая кніга, якую мы выдаем, даходзіла да чытача, каб ён звяртаў на яе ўвагу.

Гэта там дыктуе і камерцыйны інтарэс, але насамрэч і культурны, бо задача нашай культурнай місіі ў тым, каб аўдыторыя беларускай кнігі пашыралася любымі спосабамі, любымі метадамі. Нават калі гэта на чыюсьці думку “масавая літаратура”, але і яна будзе карыстацца ў чытача шалёнай папулярнасцю, мы будзем такое выдаваць.

Тым не менш ёсць адно абмежаванне. Чамусьці людзі часта атаясамліваюць масавую літаратуру з нізкапробнай. Насамрэч мы не хочам выдаваць, як кажуць, “графаманаў”. Калі літаратура не таленавітая, то, нават калі яна будзе прыносіць кучу грошай, мы хутчэй за ўсё ад яе адмовімся. Калі б мы не займалі такую пазіцыю, то мы б зараз выдавалі творы, якія карыстаюцца шалёным попытам, але ніхто не назаве іх “добрай літаратурай”.

“Усе нашы кнігі вартыя чытання”

— Якія кнігі недааэцэненыя, але вартыя чытання?

— Усе нашы кнігі вартыя чытання. Кепскіх кніг не выдаецца. Іншая праблема, што дзесьці не разгадалі пажаданні аўдыторыі. Вялікая праблема, што часта чытачы не ведаюць імя таго ці іншага аўтара і з гэтай прычыны проста не звяртаюць увагу на кнігу.

А ў некаторых выпадках проста не знаходзіш рацыянальнага тлумачэння нізкага попыту на тую ці іншую кнігу. Напрыклад, выдатная біяграфія Мікалая Слюнькова (аўтар Дзяніс Марціновіч) не карыстаецца той папулярнасцю, якую безумоўна заслугоўвае гэта кніга. Ёсць адчуванне, што ў людзей ёсць нейкі імунітэт, адарванне ад савецкага, і яны проста не хочуць гэтыя часы ўспамінаць.

Часам кнігам патрэбна вялікая рэклама, на якую не стае рэсурсаў. Мы робім даволі руплівую і доўгую працу перад тым, як выдаць той ці іншы рукапіс, і імкнёмся адбіраць самыя дастойныя.

Гэта не значыць, што мы не робім памылак. Былі выпадкі, калі мы адмаўляліся выдаваць тыя ці іншыя творы, а потым яны даволі паспяхова выдаваліся іншымі і карысталіся папулярнасцю. Але ў рэшце рэшт так і працуе кніжны рынак, што ў бестселерах знаходзіцца 5-10% твайго каталогу. Працэнтаў 20, пажадана каб не больш, гэта кнігі-“правалы”. Ну і ёсць “залатая сярэдзіна”, якая больш-менш пачуваецца нармальна.

Калі гэта так, то ты ў прынцыпе нармальна развіваешся. Калі ў цябе “правальных” кніжак 50%, гэта відавочная прыкмета таго, што ты нешта робіш не так.

Фота: "Кнігаўка"

“Кніга — адна з апор умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці”

Мы ўжо зразумелі з нашай гаворкі, што выдавецтва засяроджана не толькі на беларускіх, але і на замежных аўтарах. Наколькі важна чытаць вядомыя творы па-беларуску?

— Я не ведаю, наколькі важна чытаць творы па-беларуску. Гэта як бы выбар кожнага чалавека. Але я бачу, што сённяшні беларус ужо знаходзіцца нават не ў пошуку ідэнтычнасці, а ў пошуку апор яе умацавання. І паверце, што кніга, як тая апора, займае вельмі важнае месца.

Калі ты чытаеш Габрыэля Гарсію Маркеса па-беларуску, ты дакладна ведаеш, што ты — беларус і нібыта акунаешся ў гэтую ваду беларускай культуры. Калі ты чытаеш яго на іншай мове, ты так ці інакш сабе ўпісваеш у кантэкст іншай культуры: рускай ці некай іншай.

Таму вельмі важна выдаваць увесь гэты залаты фонд сусветнай класікі, і не толькі на нашай роднай мове, бо насамрэч гэта — уключэнне нашага соцыума, беларускай культуры ў сусветны кантэкст. Гэта даволі зразумелы і даволі лёгкі крок для ўмацавання нашых апор ідэнтычнасці.

— Адзін са спосабаў павелічэння продажаў — акцыі. Ці ёсць такія, ці плануюцца?

— Наша галоўная акцыя — выданне новых кніг. Улічваючы, што нашы рэсурсы, як і наш калектыў, даволі абмежаваныя, мы не марнуем шмат сіл на арганізацыю так званых акцый. Мы больш засяроджаны на тым, каб пашыраць асартымент, каталог і рабіць высілак на продаж тых кніг, якія ўжо ёсць у нас. А з улікам таго, што мы прадаем кнігі не з вялікай “маржой”, магчымасці нейкіх акцый, распродажу для нас вельмі абмежаваныя.

Але мы не забываемся на наглядную агітацыю, наглядную рэкламу. У нас актыўна вядуцца сацыяльныя сеткі, працуе інтэрнэт-кнігарня. Ёсць “праграма лаяльнасці”: людзі купляюць кнігі, здабываюць пункты і потым могуць за іх набыць новыя кнігі бясплатна. Мы працуем з маркетплэйсамі, каб людзям было прасцей атрымліваць нашы кнігі і каб дастаўка для іх была бясплатнай.

“Кнігарня — гэта зусім іншая атмасфера, чым замова праз інтэрнэт”

— І напрыканцы хацелася б спытаць пра сённяшняе месцазнаходжанне крамы. Чаму абрана менавіта гэтае месца? Чым прываблівае крама, чым яна адрозніваецца ад іншых, як там можна правесці час?

— Галоўная роля, якую выконвае кнігарня ў Варшаве — гэта тое месца, дзе чалавек можа непасрэдна сутыкнуцца з кнігай, гэта — месца сустрэчы, дзе ён можа яе ўзяць у рукі, паглядзець, як яна выдадзена, пасядзець пачытаць урыўкі ў нас. Мы напоім чытача добрай кавай і гарбатай, ніколі не адмаўляем у размовах пра кнігі. Гэта зусім іншая атмасфера, чым калі ты проста націскаеш кнопку на кампутары і замаўляеш кнігу праз інтэрнэт. Мне было вельмі прыемна назіраць, як да нас прыязджалі людзі не толькі з іншых польскіх гарадоў, але і з іншых краін. Так наўпрост і казалі: мы завіталі ў Варшаву, і абавязковым пунктам нашага візіту з’яўлялася наведванне “Кнігаўкі”.

Мы доўга шукалі памяшканне для кнігарні, пастаянна адкладвалі вырашэнне гэтага пытання, але на пачатку гэтага года наступіла такая невыносная сітуацыя, калі нам было патрэбна нават проста месца для абслугоўвання інтэрнэт-заказаў і размяшчэння новых супрацоўнікаў. Для гэтых мэтаў можна было зняць офіс, невялікае памяшканне, але я паставіў задачу-максімум: калі ўжо мы шукаем памяшканне, то няхай гэта будзе кнігарня, у зручным месцы, абавязкова каб гэта быў першы паверх, уваход з вуліцы. Каб не трэба было такую кнігарню доўга шукаць, каб быў добры даезд, лакацыя недалёка ад цэнтра.

І яшчэ адзін важны момант: нам хацелася мець невялікае памяшканне, мы зыходзілі з наяўных патрэб. І нам пашанцавала: у варшаўскім раёне Старая Прага на вуліцы Клапатоўскага, 4 здавалася такое памяшканне, пасля рамонту, ужо гатовае для ўжытку. На шчасце, мы выйгралі тэндэр у арандатара і з 6 лютага 2024 года працуем.

Мы вельмі рады, што так склаліся ўсе абставіны, усё так сышлося, што мы знаходзімся тут. Нас не абцяжарвае моцна арэнда, да нас прыходзяць людзі, мы маем цудоўных суседзяў побач, у тым ліку і такія беларускія асяродкі як кавярня “Інклюзіўны барыста”ці піўны бар Beer Station.

Ну і, вядома, з гэтай вясны галоўная “фішка” нашай геаграфічнай лакацыі — гэта новы пешаходны мост праз Віслу. Калі з яго спускаешся ў раён Прагі, праз 200 метраў ты ў нас. А там ходзіць безліч людзей, і мы з вясны моцна адчулі, як гэта сапраўды ўплывае на турыстычныя патокі. Так што запрашаем, завітвайце да нас. У нас можна не толькі набыць кнігі, але і цікава правесці час.

Фота: "Кнігаўка"

“Акумулюем любыя беларускія кнігі”

— Мы стараемся быць цэнтрам беларускай кнігі і збіраем у сябе кнігі розных нашых выдавецтваў, хочам, каб у нас быў максімальны асартымент. Каб калі чалавек прыйшоў па беларускую кнігу, ён мог бы ў адным месцы набыць усё, што запланаваў.

У Мінску — як у стацыянарнай кнігарні, так і ў інтэрнэце — мы прадавалі кнігі свае і блізкіх партнёраў. Тут мы, разумеючы, што трэба быць разам, не адгароджвацца, выбралі мадэль універсальнай кнігарні і акумулюем у сябе любыя беларускія кнігі. Адзінае наша пажаданне: каб гэта былі кнігі свежыя, выдадзеныя не раней чым тры гады таму.

Дзякуй нашым партнёрам, якія адгукаюцца, пастаўляюць нам свае кнігі. Гэта мадэль працуе. У нас вы знойдзеце кнігі ўсіх беларускіх выдавецтваў, што працуюць у эміграцыі, не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, Чэхіі, Велікабрытаніі.

На жаль, тыя кнігі, якія зараз выдаюцца ў Беларусі, да нас не даязджаюць: ёсць складанасці з лагістыкай, афармленнем. Але тое, што выдаецца за межамі краіны, у нас ёсць, і вельмі радуе, што гэты асартымент пашыраецца.

Адрас кнігарні “Кнігаўка”:
ul. Kłopotowskiego 4
03-717 Warszawa

Час працы:
Аўторак — чацвер з 11.00 да 18.00
Пятніца, субота з 11.00 да 19.00
Нядзеля з 12.00 да 18.00
Панядзелак выхадны

Кантакты:
Тэлефон: +48-782-459-189
E-mail: [email protected]

Aдрас выдавецтва для карэспандэнцыі:
Andrei Yanushkevich Publishing
ul. Podleśna, 8/10, m. 28
05-091 Ząbki
NIP: 1251743532

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: