Мінск 02:53

Ціханоўская: Лукашэнка — марыянетка Пуціна, беларускае войска не будзе ваяваць з украінцамі

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

11 жніўня, Позірк. “Лукашэнка ў чарговы раз дэманструе, што ён марыянетка Пуціна, спрабуючы адцягнуць украінскія сілы перамяшчэннямі войскаў і фэйкавымі гісторыямі аб беспілотніках”, — напісала Святлана Ціханоўская ў “Х” (“Твітар”), каментуючы апошнія заявы і рашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў ваеннай сферы.

“Гэта проста чарговая правакацыя. Яму нельга давяраць, і ён не прадстаўляе наш народ”, — заявіла дэмлідар.

Паводле яе слоў, беларусы выступаюць супраць гэтай вайны, беларускае войска не будзе ваяваць з украінцамі.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў украінскую армію ў парушэнні паветранай прасторы Беларусі. “Падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі”, — сказаў ён.

У той жа дзень міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка “аддаў указанні на ўзмацненне групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках”. “Воінскія часці сіл спецыяльных аперацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сістэмы “Паланэз” і комплексы “Іскандэр”, атрымалі задачы на ажыццяўленне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыццёўлена нарошчванне сіл і сродкаў ЗРВ, РТВ (зенітных ракетных войскаў і радыётэхнічных войскаў адпаведна. — “Позірк”.) і авіяцыі”, — паведаміў Хрэнін.

Беларускі МЗС прыгразіў Кіеву закрыццём украінскай амбасады ў Мінску.

Гл. таксама па тэме матэрыял палітычнага аналітыка “Позірку” Аляксандра Класкоўскага:

Украинцы бьют “старшего брата”, но Лукашенко не спешит вписываться (на рускай мове)

Падзяліцца: