Мінск 17:39

Пракурор запытаў 11 гадоў зняволення для грамадзяніна Літвы, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі

Фота: старонка Мантаса Данелюса ў "Фэйсбуку"

12 жніўня, Позірк. 11 гадоў пазбаўлення волі запытаў пракурор для грамадзяніна Літвы, юрыста Мантаса Данелюса, справа якога паводле абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Беларусі разглядаецца з кастрычніка мінулага года ў акруговым судзе Вільнюса, паведамляе партал Delfi.

Абвяшчэнне прысуду чакаецца 20 верасня.

Выданне адзначае, што Данелюс адмовіўся ад дачы паказанняў у судзе, а ў апошнім слове заявіў, што не лічыць ажыццёўлены ім “добраахвотны збор інфармацыі” шпіянажам.

Паводле слоў абвінавачанага, ён супрацоўнічаў з прапагандысткай тэлеканала “Беларусь 1” Ксеніяй Лебедзевай.

Данелюс сцвярджае, што сувязь Лебедзевай з беларускімі спецслужбамі следствам не даказаная.

Пра пачатак разгляду справы Данелюса, якога, акрамя шпіянажу, абвінавацілі ў ціску на сведак, стала вядома 2 кастрычніка мінулага года.

“Паводле версіі следства, са студзеня 2022 года Данелюс выконваў заданні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічае з беларускай выведкай, збіраючы і перадаючы цікавую для яе інфармацыю”, — цытавала пракуратуру балтыйскае інфармагенцтва BNS.

Як паведамляў наглядны орган, дасудовае расследаванне па факце шпіянажу было пачата ў канцы верасня 2022 года “пасля атрымання абгрунтаваных доказаў таго, што з пачатку 2022 года Данелюс нібыта збіраў інфармацыю, якая прадстаўляе цікавасць для беларускай выведкі, і перадаваў яе”.

Следства мяркуе, што пад выглядам валанцёра абвінавачаны падтрымліваў кантакты з “дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазіцыю беларускаму рэжыму”, а таксама з “пераехаўшымі ў Літву пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года”.

“Данелюс бываў у беларускіх апазіцыйных арганізацыях, удзельнічаў у мерапрыемствах, збіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасці, праектах, крыніцах фінансавання, людзях, якія ўваходзяць у арганізацыі, і іх сустрэчах”, — адзначала следства.

Як паведамляла BNS, Лебедзева інструктавала Данелюса аб “метадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведвальную арганізацыю замежнай дзяржавы, тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца пры гэтым”, “аб метадах перадачы сабранай інфармацыі”.

Разведку цікавілі таксама беларускія апазіцыйныя арганізацыі ў Літве і дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Акрамя таго, Данелюс абвінавачваецца ў “зборы і магчымай перадачы” інфармацыі аб беларускім палку імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Украіне.

Пра “падазроную дзейнасць” літоўскага юрыста мясцовым праваахоўнікам паведамлялі прадстаўнікі беларускіх арганізацый.

Мартас Данелюс быў неаднаразова судзімы за “фальсіфікацыю дакументаў, махлярства і іншыя злачынствы”.

Падзяліцца: