Мінск 16:59

Беларускія вайскоўцы адправіліся ў Расію на вучэнні з баявой стральбой

Фота: Мінабароны

12 жніўня, Позірк. Падраздзяленні беларускіх вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны 12 жніўня адправіліся ў Расію для ўдзелу ў сумесных аператыўна-тактычных вучэннях з баявой стральбой, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Вучэнні пройдуць на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці, на мяжы з Казахстанам.

Заяўляецца, што вайскоўцы падчас вучэнняў “падвысяць узровень зладжанасці падраздзяленняў, а таксама адпрацуюць новыя тактычныя прыёмы і спосабы вядзення супрацьпаветраных і паветраных баёў”.

8 ліпеня начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Андрэй Севярынчык адзначаў, што “падрыхтоўка асабістага складу зенітных ракетных войскаў ажыццяўляецца як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі”.

“Баявыя пускі”, удакладніў Севярынчык, беларускія вайскоўцы ажыццяўляюць на расійскіх палігонах Ашулук і Капусцін Яр у Астраханскай вобласці і палігоне Тэлемба ў Бураціі.

У жніўні 2022 года расійска-беларускія аператыўна-тактычныя вучэнні ВПС і СПА з баявой стральбой праходзілі ў два этапы: з 9 па 11 жніўня — у Беларусі, з 22 па 25 жніўня — на палігоне Ашулук.

24 лютага 2022 года Расія пры падтрымцы Беларусі пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Мінск цягам гэтага часу практычна ўвесь час праводзіць якія-небудзь вучэнні з удзелам вайскоўцаў і сілавікоў.

Падзяліцца: