Мінск 09:14

“Вясна” звярнулася ў Працоўную групу ААН з-за пагаршэння здароўя анкахворага палітзняволенага Паўла Кучынскага

Фота: spring96.org

13 жніўня, Позірк. Юрысты праваабарончага цэнтра “Вясна”, занепакоеныя станам здароўя палітзняволенага Паўла Кучынскага, накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру.

Абвінавачванне палітвязня грунтуецца на расплывістых і празмерна шырокіх палажэннях (“абраза” і “пагроза”), адзначаюць аўтары.

“Утрыманне пад вартай да суда і пакаранне ў выглядзе 4 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі не маюць пад сабой законнай асновы і дастатковых падстаў. Апроч таго, пазбаўленне волі з’яўляецца бесчалавечным абыходжаннем, паколькі несумяшчальна з цяжкім станам здароўя Паўла”, – заявіла юрыст “Вясны” Святлана Галаўнёва.

Палітзняволенаму Паўлу Кучынскаму з Маладзечна (Мінская вобласць) 29 год. Ён мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. У чэрвені 2022 года Кучынскага асудзілі паводле паці артыкулаў Крымінальнага кодакса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, абраза прадстаўніка ўлады, абраза прэзідэнта, абраза суддзі, пагроза ў дачыненні да суддзі ці народнага засядацеля) да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы.

Пры гэтым замена пакарання на не звязанае з пазбаўленнем волі, паводле інфармацыі праваабаронцаў, судом не разглядалася. Замест калоніі Кучынскага накіравалі ў рэспубліканскую агульнасаматычнаю бальніцу ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць лячэнне, якое яму не дапамагае, хвароба прагрэсуе.

У траўні стала вядома, што Спецдакладчыкі ААН звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя Кучынскага.

Падзяліцца: