Мінск 08:30

Затрыманы па падазрэнні ў забойстве Ліпскі памёр у выніку атрыманых раненняў

Скрыншот: МУС

13 жніўня, Позірк. Затрыманы па падазрэнні ў забойстве Аляксандр Ліпскі 1991 года нараджэння памёр у выніку атрыманых агнястрэльных раненняў, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што Ліпскі аказаў супраціў сілавікам пры затрыманні і быў “ліквідаваны”.

У МУС падкрэслілі, што “дзякуючы прафесіяналізму байцоў АМАП больш ніхто не пацярпеў”.

Мужчына быў затрыманы ў кватэры бацькі.

Раней МУС паведамляў, што Ліпскага затрымалі з ужываннем агнястрэльнай зброі, ён з раненнем быў “дастаўлены ў медустанову”.

У ведамстве заявілі аб прыбыцці на месца здарэння міністра Івана Кубракова. У відэа без гуку, размешчаным у тэлеграм-канале МУС, паказвалася, як ён гутарыць з супрацоўнікам АМАП, а на асфальце разлітая лужына крыві.

Ліпскі і яго маці Раіса Ліпская (1961 года нараджэння) былі абвешчаныя ў вышук у снежні 2022 года.

МУС паведамляла, што ў лістападзе 2021-га ў кватэру на праспекце Ракасоўскага ў Мінску ўварваўся ўзброены мужчына і некалькі разоў стрэліў у 33-гадовую жанчыну, прычыніўшы ёй смяротныя раненні. З гэтай жа зброі нападнік паспрабаваў забіць яе мужа, які таксама знаходзіўся ў жыллі. Ведамства падазрае ў злачынстве Ліпскага.

Пра лёс Раісы Ліпскай не паведамляецца.

Гэта як мінімум другая смерць пры затрыманні міліцыяй з лістапада мінулага года.

19 лістапада 2023 года пры званку ў Рэчыцкі РАУС (Гомельская вобласць) жыхар вёскі Ліскі заявіў, што ў бок яго дома стралялі знаёмыя.

Міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну. Другога знайшлі з паляўнічай стрэльбай на адной з вуліц вёскі. “На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асоб. Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паразу”, — паведаміла прэс-служба МУС.

Мужчына памёр у бальніцы.

Затрыманні са стральбой адбываюцца ў Беларусі рэгулярна.

Агнястрэльная зброя была ўжытая пры затрыманні мужчыны 12 ліпеня ў Мінску.

У канцы чэрвеня ў Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць) супрацоўнікі МУС з ужываннем зброі затрымалі 62-гадовага мясцовага жыхара. Сцвярджалася, што мужчына “кідаўся з нажом на навакольных”. З раненнем у правую нагу затрыманага даставілі ў бальніцу.

У сярэдзіне красавіка міліцыянт страляў у 59-гадовага жыхара вёскі Малыя Бортнікі (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), які пагражаў касой.

У студзені было два затрыманні са стральбой — у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Гродне.

Падзяліцца: