Мінск 23:18

Беларусь паскардзілася на Украіну ў Савет бяспекі ААН праз “інцыдэнт з БПЛА”

Крыніца: ua.news

13 жніўня, Позірк. Мінск накіраваў зварот старшыні Савета бяспекі ААН “у сувязі з інцыдэнтам з украінскімі БПЛА на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Заяўляецца, што беларускі бок “прыцягнуў увагу” Савета бяспекі да “неабходнасці спынення Украінай правакацыйных дзеянняў, якія нясуць пагрозу ўцягвання Беларусі ва ўзброены канфлікт і яго распаўсюджвання на іншыя краіны рэгіёну”.

У паведамленні гаворыцца, што Беларусь “пакінула за сабой права ў выпадку паўтарэння падобных правакацый на скліканне пазачарговага пасяджэння Савета бяспекі ААН”.

“Заклапочанасць у дачыненні да патэнцыялу эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне праз агрэсіўныя і непрадуманыя дзеянні ўкраінскага боку будзе даведзеная да Генеральнага сакратара ААН”, — адзначаецца ў рэлізе.

Анансавана, што “пазіцыя Беларусі ў дачыненні да інцыдэнту таксама будзе апублікаваная ў якасці афіцыйнага дакумента 78-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН”.

“У аналагічным ключы па лініі АБСЕ пазіцыя беларускага боку даведзена да дзеючага мальтыйскага старшынства гэтай арганізацыі, харвацкага старшынства Форуму па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, Генеральнага сакратара АБСЕ, дзяржаў-удзельніц і краін-партнёраў па супрацоўніцтве АБСЕ”, — заяўляе МЗС.

Паводле сцвярджэння ведамства, Беларусь будзе “паслядоўна прыцягваць увагу міжнародных арганізацый да сітуацыі, якая можа мець вельмі згубныя наступствы, і дамагацца яе адэкватнай прававой ацэнкі”.

10 жніўня Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі. Гэта адбылося на фоне наступальнай аперацыі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці РФ.

У той жа дзень у МЗС Беларусі была выкліканая часовая павераная ў справах Украіны Вольга Цімуш, якой, паводле інфармацыі беларускага дыпведамства, “быў заяўлены рашучы пратэст і перададзена адпаведная нота ў сувязі з парушэннем мяжы Рэспублікі Беларусь групай беспілотных лятальных апаратаў, запушчаных з тэрыторыі Украіны”. Яна “была папярэджаная аб тым, што ў выпадку паўтарэння такіх правакацый беларускі бок пакідае за сабой права распачаць крокі ў адказ для абароны сваёй тэрыторыі”. “Асабліва было ўказана на тое, што, калі дыпламатычнае прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі не зможа ўплываць на прадухіленне такіх правакацый, беларускім бокам будзе пастаўлена пытанне аб мэтазгоднасці яго далейшай прысутнасці ў Мінску”, адзначылі ў МЗС.

11 жніўня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў паведаміў, што ведамства не бачыць зменаў на мяжы з Беларуссю.

12 жніўня ў МЗС Беларусі быў выкліканы павераны ў справах Еўрасаюзу, якому паказалі на “наяўнасць маркіроўкі вытворцаў краін ЕС на шэрагу элементаў аднаго са збітых беларускімі сіламі СПА беспілотнікаў”.

13 жніўня прэс-сакратар МЗС Украіны Георгій Ціхі паведаміў, што Кіеў не бачыць “асаблівай мэтазгоднасці” рэагаваць на выказванні Лукашэнкі аб парушэнні паветранай прасторы, бо “беларускі бок вядомы шматлікімі заявамі, на якія не варта рэагаваць”.

Падзяліцца: