Мінск 19:59

Апеляцыя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі з Сербіі ў Беларусь будзе разгледжана 27 жніўня

Пікет ля сербскай амбасады ў Варшаве з патрабаваннем не экстрадаваць у Беларусь Андрэя Гнёта (21 сакавіка 2024 года)
Фота: "Позірк"

14 жніўня, Позірк. Апеляцыйны суд Сербіі разгледзіць скаргу беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі 27 жніўня.

Скарга на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе была пададзена 18 чэрвеня.

“Праз два месяцы маруднага чакання і цемры апеляцыйны суд Сербіі прызначыў дату слуханняў. Гэта не проста дзень, гэта мой апошні шанец быць пачутым. Лёс усёй маёй будучыні ў адным кроку ад катастрофы, і менавіта зараз мне як ніколі патрэбна вашая падтрымка“, — напісаў Гнёт у сацсетках.

“Экстрадыцыя ў Беларусь, дзе мяне чакаюць катаванні і смерць, павінна быць спынена”, — заклікаў рэжысёр. Паводле слоў Гнета, дзесяць месяцаў арышту, сем з якіх ён правёў у цэнтральнай турме Бялграда, былі бясконцым кашмарам. “Нягледзячы на гэта, я не здаюся, — падкрэсліў Гнёт. — Амаль адзін год адчайнага дужання, і вось, нарэшце, мае адвакаты і я зможам выступіць у судзе, каб сказаць сваё слова. Гэта нашая апошняя магчымасць выратаваць маё жыццё“.

На думку рэжысёра, цяпер зразумела, што толькі аб’яднанне намаганняў, “палітычны і медыйны ціск” змаглі зрушыць яго справу з мёртвай кропкі.

Гнёт паведаміў, што слуханне апеляцыі будзе “публічным і адкрытым”, і заклікаў прыйсці і падтрымаць яго “ў гэты найважнейшы час”.

“Мы камунікуем на розных узроўнях у справе Андрэя і дамагаемся яго вызвалення”, — паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

3 жніўня прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна заявіла, што Гнёта могуць экстрадаваць з Сербіі ў Беларусь у любы момант.

Паводле яе слоў, нягледзячы на тое, што Інтэрпол ужо выключыў Гнёта з “чырвонага спісу” асоб, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку, застаецца актуальным двухбаковае пагадненне аб выдачы паміж Беларуссю і Сербіяй. Такім чынам, Гнёт “гэтак жа, як раней, з’яўляецца палітвязнем”, сказала Колесава-Гудзіліна.

З пачатку лета рэжысёр утрымліваецца пад хатнім арыштам.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі па лініі Інтэрпола, абвінавачваючы яго па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

31 траўня Вышэйшы суд у Бялградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законна і павінна быць задаволенае “ў мэтах яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці па абвінавачанні ва ўчыненні крымінальнага злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) <…> на падставе пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага ад 08.11.2023 года”.

41-гадовы Гнет — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае на тым, што яго пераследуюць з палітычных матываў.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: