Мінск 17:17

Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасць вывесці адносіны з Індыяй на “якасна новы ўзровень”

Крыніца: pixabay.com

15 жніўня, Позірк. Мінск “нязменна імкнецца да паглыблення дыялогу з Нью-Дэлі” і “разлічвае актыўнымі сумеснымі намаганнямі вывесці адносіны на якасна новы ўзровень як у палітычнай, так і гандлёва-эканамічнай сферах”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 15 жніўня прэзідэнта Індыі Драупадзі Мурму і прэм’ер-міністра гэтай краіны Нарэндру Модзі з Днём незалежнасці.

“Дзякуючы самастойнаму курсу індыйскага ўрада, яго выключнай арыентаванасці на інтарэсы народа і адказнаму падыходу ў знешняй палітыцы Індыя па праве карыстаецца заслужаным аўтарытэтам на глабальнай арэне, а таксама адыгрывае важную ролю ў вырашэнні актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў віншавальніка, Беларусь “высока ацэньвае дзейнасць індыйскага кіраўніцтва па ажыццяўленні маштабных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, забеспячэнні стабільнасці і згоды ў краіне”.

Лукашэнка адзначыў, што “будзе рады” абмеркаваць двухбаковае супрацоўніцтва падчас “асабістай сустрэчы” з Мурму.

Віншуючы 10 чэрвеня Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах, Лукашэнка заявіў, што Мінск “поўны рашучасці вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства”.

Правесці ў бліжэйшы час у Мінску 12-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры дамовіліся міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго індыйскі калега Субраманьям Джайшанкар. Як паведамляў МЗС, сустрэча чыноўнікаў адбылася 3 ліпеня перад самітам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Астане.

Лукашэнка, прызначаючы 4 студзеня экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько паслом у Індыі, заявіў, што стасункі паміж краінамі “дэградавалі”.

13 сакавіка ў Нью-Дэлі папярэднік Рыжанкова Сяргей Алейнік перадаў Джайшанкару пасланне Лукашэнкі на адрас Модзі аб “беларуска-індыйскіх адносінах і шляхах іх развіцця”.

Праз два тыдні, 27 сакавіка, Касько ўручыў даверчыя граматы Мурму. Бакі “падкрэслілі ўзаемную цікавасць <…> да больш цеснага супрацоўніцтва ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах”.

На наступны дзень у Варшаве намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абмеркаваў з паслом Індыі ў Польшчы Нагмай Махамед Маллік сітуацыю ў Беларусі і праблемы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Палітык перадаў дыпламату матэрыялы аб “сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, учыненых рэжымам Лукашэнкі злачынствах супраць чалавечнасці, незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, парушэннях правоў работнікаў на беларускіх прадпрыемствах, ролі рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны”. Латушка папрасіў Маллік накіраваць гэтыя матэрыялы ў МЗС Індыі.

Паводле даных пасольства Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн долараў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Звесткі аб гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы і інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання і іншыя тавары.

Падзяліцца: