Мінск 15:36

Ціханоўская заклікала прэм’ера Індыі Модзі выкарыстаць “велізарны ўплыў” для вызвалення беларускіх палітвязняў

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

15 жніўня, Позірк. Выкарыстаць свой “велізарны ўплыў” для вызвалення палітвязняў у Беларусі заклікала прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

У інтэрв’ю агенцтву IANS палітык заявіла, што “Індыя можа адыграць вырашальную ролю не толькі ў тым, каб дапамагчы спыніць вайну Расіі супраць Украіны, але і ў тым, каб дапамагчы беларусам развязаць крызіс”.

“Індыя — магутная краіна, якая валодае значным эканамічным і палітычным уплывам не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце”, — цытуе Ціханоўскую партал The Hans India.

Для вызвалення хаця б людзей з гуманітарнага спісу дэмакратычныя сілы будуць выкарыстоўваць усе магчымыя рэсурсы, заявіла Ціханоўская ў інтэрв’ю DW, адказваючы на пытанне, чаму ў нядаўнім гучным абмене паміж ЗША, Германіяй і Расіяй не было беларускіх палітвязняў.

Сярод магчымых варыянтаў яна згадала “bad guys (“дрэнныя хлопцы”. — “Позірк”.) або краіны, якія яшчэ маюць зносіны з Лукашэнкам”. На думку палітыка, яны могуць быць выкарыстаныя для ціску на Аляксандра Лукашэнку, каб ён вызваліў хаця б людзей з т.зв. гуманітарнага спісу. Гэта людзі, “якія паміраюць, гэта людзі з хваробамі, з ракам, з цяжкімі сітуацыямі”, сказала палітык.

“Я думаю, што Лукашэнка трымаецца за палітвязняў. Ён мяркуе, што, нават адпусціўшы аднаго, пецярых, ён страціць свой твар дыктатара, — адзначыла Ціханоўская. — Ён не хоча ісці нават на гэтыя саступкі, нават якія абумоўлены гэтымі гуманітарнымі памкненнямі. Тут, вядома, патрэбны комплексны падыход, гэта робіцца толькі праз ціск. Угаварыць? Ну немагчыма. Заклікаць да гуманізму — немагчыма. Вось былі выпушчаныя 18 чалавек нядаўна. <…> І за гэты ж тыдзень 72 затрымалі. Гэта апошняя апора легітымнасці ў яго вачах”.

Беларускія дэмакратычныя сілы склалі “гуманітарны спіс” палітвязняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 91 з цяжкімі захворваннямі, 65 пенсіянераў, 10 чалавек з псіхічнымі разладамі, 23 непаўналетніх, а таксама не менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца абодва бацькі.

На 15 жніўня праваабарончая супольнасць прызнае 1.384 чалавек палітвязнямі. У рэальнасці іх значна больш.

Падзяліцца: