Мінск 16:30

Лукашэнка ў кантэксце забароны на ўезд беларускіх аўто абвінаваціў Вільнюс ў дзеяннях супраць свайго народа

Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

15 жніўня, Позірк. У Літве “няма адказных палітыкаў”, таму “абмяркоўваць іх палітыку” не варта.

Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня у інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” адносна забароны ўезду на тэрыторыю краіны аўтамабіляў з беларускімі нумарамі.

“Я на вашым месцы многія б пытанні, якія тычацца Літвы, і не каментаваў. Таму што яны не ведаюць самі, што робяць. Гэта вар’яты, самыя сапраўдныя вар’яты. Ну што пра іх казаць”, — цытуюць Лукашэнку беларускія дзяржСМІ

Ён пры гэтым заявіў пра плюсы такога рашэння з эканамічнага пункту гледжання: “Нашы перастануць вывозіць (хоць зараз паменш стала) грошы за межы Беларусі і Расіі. Тое ж самае расейцы. Грошы застануцца тут. Гэты так званы эканамічны турызм — гэта вялізныя сродкі, якія вывозіліся адсюль”.

Адзначыўшы, што “літоўскія палітыкі робяць усё, што не падабаецца грамадзянам у Літве”, Лукашэнка ахарактарызаваў літоўцаў як “вельмі працавітых з савецкіх часоў людзей”, станоўча адазваўшыся аб прамысловасці рэспублікі ў часы СССР: “Цяпер у іх нічога няма. А калі так званае літоўскае — гэта значыць немцы пабудавалі завод, яшчэ нехта”.

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза зацвердзіў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У рамках іх імплементацыі з 18 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у Літву, пры гэтым да 16 жніўня дзейнічае адтэрміноўка для прыватных асоб, якія не выкарыстоўваюць аўтамабіль у камерцыйных мэтах.

14 жніўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла ў інтэрв’ю Deutsche Welle, што Лукашэнка “радуецца, калі закрываюць межы, забараняюць уязджаць машынам на беларускіх нумарах на тэрыторыю суседніх краін”.

Офіс дэмлідэра Ціханоўскай працягвае перамовы з літоўскім бокам аб спрашчэнні ўезду ў краіну аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка 15 жніўня.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Твярячус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Віншуючы 16 лютага народ Літвы з Днём аднаўлення літоўскай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на паляпшэнне адносін з народам гэтай балтыйскай краіны, абвінаваціўшы ў праблемах, якія існуюць, палітыкаў.

Падзяліцца: