Мінск 19:41

Намеснік кіраўніка МЗС, адмаўляючы дачыненне да міграцыйнага крызісу, спаслаўся ў ААН на праваабаронцаў, якія крытыкуюць Мінск

Мігранты на беларуска-польскай мяжы ў лістападзе 2021 года
Скрыншот відэа БелТА


17 жніўня, Позірк. Абвінавачванні ў бок Мінска “ў інтрументаліцазіі мігрантаў” не маюць пад сабой “ніякіх падстаў”, заявіў намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, прадстаўляючы Камітэту ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі на яго сесіі ў Жэневе даклад аб выкананні Беларуссю палажэнняў Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх дыскрымінацыі.

Тэкст выступу апублікаваў МЗС.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь прыняла “неабходныя меры для мінімізацыі негатыўных наступстваў, у тым ліку ў інтарэсах правоў просьбітаў прытулку”.

“Былі арганізаваны візіты на дзяржмяжу прадстаўнікоў профільных міжнародных арганізацый і адпаведных структур ЕС, створаны на тэрыторыі Беларусі адпаведныя шэлтэры для мігрантаў, уведзены візавыя абмежаванні і арганізаваны рэйсы ў рамках праграм на вяртанне”, — сказаў Амбразевіч.

“З улікам згорнутага пагранічнага ўзаемадзеяння сумежных краін Беларусь вымушана, у першую чаргу, забяспечыць сваю нацыянальную бяспеку і не можа ў поўным аб’ёме аказваць дапамогу краінам Еўрасаюза ў абароне ад патоку мігрантаў, як гэта было раней”, — дадаў прадстаўнік ведамства.

Мінск “не можа не турбаваць рэгулярная практыка незаконнай дастаўкі да мяжы Беларусі і сілавое выцісканне на беларускую тэрыторыю просьбітаў прытулку”.

“Многія выпадкі для мігрантаў заканчваюцца сумна. Паводле даных “Эмнесці Інтэрнэшнл”* смяротныя выпадкі ў выніку выштурхоўванняў дасягнулі 55 ахвяр”, — заявіў дыпламат.

Паводле яго слоў, улады плануюць правесці ў лістападзе ў Мінску “міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі ў рэгіёне”.

Амбразевіч таксама паскардзіўся на “незаконныя аднабаковыя” санкцыі супраць Мінска і “знешнія інфармацыйныя войны і фейкі”, заклікаўшы, “не паддавацца ўплыву негатыўнага іміджу [Беларусі], які метадычна навязваецца сусветнай супольнасці”.

Беларускія праваабаронцы накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад аб сітуацыі ў краіне, у якім рэкамендуюць уладам спыніць дыскрымінацыю нацыянальных меншасцяў і прыняць антыдыскрымінацыйны закон.

Як паведамлялася, за 15 дзён жніўня суседнія краіны ЕС папярэдзілі 1.292 спробы нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі (Польшча — 1.009, Латвія — 268, Літва — 15). Гэта на 15% больш, чым за 15 дзён ліпеня (1.123; Латвія — 522, Літва — 29), і ў 1,9 раза менш, чым за 15 дзён жніўня 2023 года (2.407; Латвія — 619, Літва — 61).

З пачатку 2024 года папярэджана 26.825 спробаў (Польшча — 22.568, Латвія — 3.876, Літва — 381), што на 0,5% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (26.681; Польшча — 19.285, Латвія — 5.858, Літва — 1.538).

*Amnesty international — міжнародная праваабарончая арганізацыя, рэгулярна крытыкуе афіцыйны Мінск за парушэнні правоў чалавека і патрабуе вызвалення палітвязняў. Названая лічба загінуўшых фігуруе ў матэрыялах польскага аддзялення арганізацыі за 2023 год.

Падзяліцца: