Мінск 04:40

ДПК паведаміў аб чацвёртым за жнівень затрыманні карыстальнікаў беспілотнікаў

Ілюстрацыйнае фота: ДПК

19 жніўня, Позірк. Двое мужчын затрымана 17 жніўня за парушэнне памежнага рэжыму каля вёскі Сабаляны Гродзенскага раёна. Яны “планавалі ажыццявіць супрацьпраўную дзейнасць на беларуска-літоўскай мяжы”, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК).

Вайскоўцы выявілі аўтамабіль, на якім затрыманыя прыехалі ў памежную зону. У ім знаходзіліся “беспілотнік самалётнага тыпу з пультам кіравання, ноўтбук, бензагенератар, кампрэсар і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці”.

Супраць правапарушальнікаў распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 24.19 КаАП (парушэнне памежнага рэжыму).

Гэта ўжо чацвёрты выпадак затрымання ўладальнікаў беспілотнікаў у жніўні.

Раней ДПК паведаміў, што лідскія памежнікі 15 жніўня ў раёне аграгарадка Азёры Гродзенскай вобласці затрымалі жыхара абласнога цэнтра “з БПЛА саматужнай вытворчасці з пультам дыстанцыйнага кіравання”.

Падобныя выпадкі былі зафіксаваныя таксама 2 і 13 жніўня.

1 красавіка ўступіў у сілу ўказ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем памежнага рэжыму і цягнуць адміністрацыйную адказнасць.

Падзяліцца: