Мінск 07:48

Генеральны сакратар ААН запрасіў Лукашэнку на канферэнцыю ў Батсвану, але Беларусь там будзе прадстаўлена “на ўзроўні кіраўніцтва МЗС”

Крыніца: wikipedia.org

20 жніўня, Позірк. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш запрасіў Аляксандра Лукашэнку на канферэнцыю для краін, якія развіваюцца, што не маюць выхаду да мора, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Канферэнцыя пройдзе ў снежні ў Батсване.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў, Беларусь плануе “прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай канферэнцыі на ўзроўні кіраўніцтва МЗС”.

На форуме, паводле яго слоў, Беларусь мае намер “жорстка паставіць пытанне аб прымусе шэрагу дзяржаў да выканання імі сваіх міжнародных абавязацельстваў у рамках дзеючых прававых дакументаў”.

Глаз спыніўся на некалькіх праблемах, з якімі сутыкаецца Мінск “у рэалізацыі сваіх законных правоў”. Ён сцвярджае, што краіны Балтыі “наўмысна абмяжоўваюць” доступ Беларусі да мора, да “ажыццяўлення гандлёвых, эканамічных, гуманітарных кантактаў са знешнім светам” і такім чынам “з прававога пункту гледжання адкрыта злоўжываюць сваім геаграфічным становішчам”.

Ён заявіў, што “Літвой, Латвіяй і Эстоніяй уведзеная забарона на экспарт беларускіх калійных угнаенняў”, “хоць ёсць і магчымасці, і парты, дзе ёсць тэрміналы, якімі валодае і беларускі бок”. “Напрыклад, “Белкалій” валодае 30% тэрмінала ў порце Клайпеда. У выніку з-за росту коштаў і абмежаванасці прапановы ўгнаенняў на міжнародных рынках пакутуюць трэція краіны, якія і так маючь праблемы з пастаўкамі харчавання”, — дадаў прадстаўнік ведамства.

Глаз адзначыў, што ў цэлым звужаецца транзіт тавараў праз тэрыторыі прыбалтыйскіх краін і Польшчы, якія “нясуць каласальныя страты ад адсутнасці неабходных тавараў”. Паводле яго сцвярджэння, штогадовыя прамыя страты літоўскай эканомікі ад разрыву сувязяў з Беларуссю ацэньваюцца ў суму каля 1 млрд. долараў. “Сярод найбольш значных наступстваў: катастрафічны ўдар па транзітнай галіне Літвы, працы клайпедскага порта і Літоўскай чыгункі, страты якіх ацэньваюцца ў 100 млн. долараў у год”, — удакладніў прэс-сакратар МЗС.

Суседзі Беларусі, сказаў ён, закрываюць пункты пропуску, уводзячы ўсё больш абмежаванняў: “Дастаткова ўспомніць, што з чэрвеня 2024 года літоўскія мытнікі канфіскоўваюць у грамадзян Беларусі, Літвы і трэціх краін, уключаючы дзяцей, прадукты харчавання, лекі і іншыя тавары для асабістага карыстання пры ўездзе ў Літву або транзіце праз літоўскую тэрыторыю. Да правозу дазволеныя толькі 0,5 літра пітной вады і толькі ў адкрытай ўпакоўцы! Здзекі над грамадзянамі на мяжы працягваюцца і па гэты дзень”.

Па ініцыятыве суседніх краін “зачыненыя амаль усе памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю”, што “змушае людзей прастойваць у доўгіх чэргах”, адзначыў Глаз.

“Грузаперавозкі практычна спыненыя. Сотні велікагрузаў, якія дастаўляюць гуманітарны груз, не могуць даставіць яго ў тэрмін. Скарачаюцца рэйсавыя маршруты для перавозкі людзей. Напрыклад, на канец 2023 года з Літвой было 45 маршрутаў, перавезена каля 450 тыс. чалавек, на жнівень 2024 года засталося 40 маршрутаў, з якіх да канца года Літва плануе пакінуць толькі 29. Гэта значыць, да канца 2024 года скароціцца колькасць маршрутаў на 35%, пацерпіць каля 150 тыс. чалавек”, — заявіў Глаз.

На яго думку, апісаныя дзеянні “супярэчаць Статуту ААН, прама парушаюць палажэнні Канвенцыі ААН па марскім праве, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі і іншых праваабарончых дакументаў”.

На афіцыйным сайце ААН 4 ліпеня паведамлялася, што падчас праведзенай у той жа дзень сустрэчы з Лукашэнкам Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой на той момант было вызвалена некалькі палітвязняў, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”. Генеральны сакратар падкрэсліў важнасць спынення вайны ва Украіне на аснове Статута ААН, міжнароднага права і павагі тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў.

Прэс-служба Лукашэнкі падрабязнасці сустрэчы не прыводзіла, але 18 ліпеня Лукашэнка заявіў, што генеральны сакратар ААН не прад’яўляў яму прэтэнзій на сустрэчы ў Астане.

Абмежаванні на экспарт і транспарціроўку беларускага хлоркалію ўведзеныя ў 2022 годзе.

ААТ “Беларуськалій”, вытворца калійных угнаенняў, знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з 2022 года. Праз іх уплыў нарвежскі пастаўшчык калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў — абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з “Беларуськаліем”.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краін ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы прама заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязана адкрыццё пунктаў пропуску.

Пры гэтым пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю “датычыцца двухбаковых адносін паміж краінамі”, польскі бок чакае ад Мінска супрацоўніцтва па раней агучаных патрабаваннях: спыненне міграцыйнага крызісу, вызваленне Пачобута і выдача забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка. Пра гэта ў эфіры “Radio ZET” заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

Чаканне ў чарзе на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай доўжыцца ад пяці гадзін да больш за два дні ў залежнасці ад памежнага пераходу і віду транспарту.

Лукашэнка на ініцыяваным Індыяй саміце паскардзіўся на санкцыі супраць калія

17 жніўня, Позірк. Абмежаванні адносна экспарту беларускіх мінеральных угнаенняў "абвастрылі праблемы недахопу харчавання і голаду ў самых бедных краінах", заявіў Аляксандр Лукашэнка на ініцыіраваным Індыяй трэцім "Форуме Глабальнага Поўдня". Мерапрыемства праходзіць анлайн 17 жніўня. "Захад па-ранейшаму правакуе канфлікты, якія спараджаюць …
Падзяліцца: