Мінск 04:08

Беларускія вайскоўцы вывучаюць у Кітаі досвед удзелу ў міратворчай дзейнасці ААН

Крыніца: Мінабароны

20 жніўня, Позірк. “Парадак адбору, падрыхтоўкі і накіравання вайскоўцаў і падраздзяленняў для ўдзелу ў міратворчай дзейнасці ААН” абмеркавалі з калегамі ў Кітаі прадстаўнікі Узброеных сіл Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што беларуская ваенная дэлегацыя наведала Цэнтр па пытаннях падтрымання міру Міністэрства абароны КНР і азнаёмілася з яго вучэбнай матэрыяльнай базай.

На сайце Мінабароны Беларусі паведамляецца, што з 2010 па 2023 год нацыянальны міратворчы кантынгент прымаў удзел у місіі часовых сіл ААН у Ліване. Сцвярджаецца, што “беларускія міратворцы завяршылі ўдзел у місіі, іх прафесіяналізм і ўклад у падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі атрымалі высокую ацэнку з боку ААН”.

Удакладняецца, што “аснову міратворчага патэнцыялу” Узброеных сіл Беларусі складае міратворчая рота 103 асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Гэтая рота “забяспечвае гатоўнасць накіравання падраздзялення для ўдзелу ў міратворчых аперацыях ААН у мэтах выканання ўзятых Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў”.

Гэтым летам актывізавалася беларуска-кітайскае ваеннае супрацоўніцтва. 11–13 ліпеня ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя Аб’яднаных сіл матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Народна-вызваленчай арміі Кітая, 8–19 ліпеня пад Брэстам прайшла сумесная трэніроўка ваеннаслужачых дзвюх краін.

6–8 ліпеня ў Мінску знаходзілася дэлегацыя Цэнтральнага ваеннага савета Кітая, якая абмяркоўвала ў беларускім абаронным ведамстве пытанні арганізацыі навучальнага працэсу пры падрыхтоўцы кадраў.

Кітайскія вайскоўцы прынялі ўдзел у парадзе, які прайшоў у Мінску 3 ліпеня, прысвечаным 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

11–13 чэрвеня ў Кітаі знаходзілася дэлегацыя беларускага Мінабароны на чале з камандуючым ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны генерал-маёрам Андрэем Лук’яновічам. Яна наведала прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу Кітая і азнаёмілася з аб’ектамі ваеннай інфраструктуры КНР.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з тагачасным міністрам абароны КНР Лі Шанфу 17 жніўня 2023 года заявіў, што ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін “ні ў якім разе не будзе накіравана супраць трэціх краін”. “Нам гэта не трэба, нам трэба засцерагчы свае дзяржавы і свае народы”, — сказаў ён.

Падзяліцца: