Мінск 16:49

У 2025 годзе чакаецца рост заробкаў на фоне дэфіцыту бюджэту і рэфінансавання дзяржаўнай запазычанасці — Мінфін

Крыніца: pixabay.com

21 жніўня, Позірк. Дэфіцыт беларускага бюджэту ў 2025 годзе чакаецца на ўзроўні 4,5 млрд рублёў, або 1,6% ВУП. Пра гэта, паводле інфармацыі дзяржСМІ, заявіў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў перад пасяджэннем урада 21 жніўня.

Згодна з яго ацэнкай, даходы бюджэту складуць 45,5 млрд рублёў, выдаткі — каля 50 млрд.

“На жаль, без дэфіцыту ўсе выдаткі мы запланаваць не змаглі, прыйдзецца займаць на ўнутраным рынку, працаваць па прыцягненні рэсурсаў звонку. Гэта стандартная наша практыка”, — адзначыў міністр.

Пры гэтым ён анансаваў з 1 студзеня павелічэнне базавай стаўкі для ўсіх катэгорый бюджэтнікаў, а з верасня наступнага года — павышэнне надбаўкі асобным катэгорыям работнікаў.

На гэтыя мэты, паводле слоў Селівёрстава, будзе накіравана больш за 1 млрд рублёў, прычым “сумы, якія выдаткоўваюцца, будуць асучасненыя на ўзровень інфляцыі і вышэй”.

Як сцвярджае міністр, улады маюць інструменты фінансавання дэфіцыту бюджэту: “Ёсць рэшткі ва ўрада, ёсць магчымасць прыцягваць грошы на ўнутраным і знешнім рынку. Гэта няпростая, але зразумелая і планавая праца”.

Гаворачы аб знешніх абавязацельствах па выплаце дзяржаўнага доўгу на наступны год, кіраўнік ведамства назваў сумы “дастаткова вялікімі”: “Нам прыйдзецца як прыцягваць рэсурсы на ўнутраным рынку, так і працаваць на знешнім рынку па рэфінансаванню гэтых даўгоў. Думаем, што па парадку 75% гэтых даўгоў будзем працаваць, каб іх рэфінансаваць”.

Зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам у канцы мінулага года бюджэт на 2024 год прадугледжваў яго даходы ў суме 39 млрд 906,4 млн рублёў, выдаткі — 44 млрд 657,4 млн. Дэфіцыт у памеры 4 млрд 751,1 млн рублёў стаў тады найвялікшым з пачатку грамадска-палітычнага крызісу ў 2020 годзе.

Калі бюджэт на 2019 год быў сфармаваны з прафіцытам у памеры 1 млрд 701,9 млн рублёў, то ў наступныя гады ён быў выключна дэфіцытным. У бюджэце на 2020 год перавышэнне выдаткаў над даходамі складала 995,1 млн рублёў, на 2021-ы — 4 млрд 46,9 млн, 2022-і — 2 млрд 844,7 млн, на 2023-і — 3 млрд 173,8 млн.

У той жа час сёлета ў чэрвені Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага зацвердзіла справаздачу аб выкананні рэспубліканскага бюджэту ў 2023 годзе з прафіцытам 1 млрд 558,8 млн рублёў (0,7% ВУП).

За паўгода да гэтага, 27 снежня 2023-га, Селівёрстаў заявіў, што бюджэт таго года будзе выкананы без дэфіцыту. Паводле яго слоў, Мінфін прыняў шэраг мер, каб эканоміка магла “адаптавацца да санкцыйнага ціску, які быў беспрэцэдэнтным, і гатовых рэцэптаў, як жа з ім змагацца, не было”.

У 2025 годзе ў Беларусі чакаюцца прэзідэнцкія выбары.

Падзяліцца: