Мінск 05:01

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

21 жніўня, Позірк. Яшчэ 10 чалавек прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі, вынікае з заявы, якую распаўсюдзіў 21 жніўня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэта Міхаіл Лазько, Максім Джуманіязаў, Дзмітрый Шалак, Павел Кучарэнка, Андрэй Гіль, Ярванд Марцірасян, Сяргей Барзавец, Яўген Стральчэнь, Сяргей Чарнецкі і Станіслаў Амельянюк. Двум апошнім палітвязням абмежаванне волі было заменена на яе пазбаўленне.

Згаданыя асобы пазбаўленыя волі па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса: за абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368), прадстаўнікоў улады (арт. 369), суддзяў (арт. 391), знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 370), перадачу асабістых даных (арт. 2031), паклёп у дачыненні да Лукашэнкі (арт. 367), арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342).

Праваабаронцы заклікалі спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў і пацвердзілі свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Таксама яны запатрабавалі вызваліць названых і ўсіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Lawtrend.

Цяпер беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітычнымі зняволенымі 1.365 чалавек.

Падзяліцца: