Мінск 01:55

Тавараабарот Германіі з Беларуссю вырас у першым паўгоддзі амаль на 10%

22 жніўня, Позірк. Тавараабарот Германіі з Беларуссю вырас у першым паўгоддзі на 9,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў Камітэт па ўсходнееўрапейскіх эканамічных адносінах Федэральнага статыстычнага ведамства ФРГ.

Аб’ём гандлю таварамі ў першай палове 2024 года дасягнуў 1 млрд 162 млн 26 тыс. еўра (за аналагічны леташні перыяд — 1 млрд 61 млн 230 тыс.).

Імпарт у Германію беларускіх тавараў пры гэтым скараціўся са 135 млн 567 тыс. да 97 млн 628 тыс. еўра (-28%). Экспарт з Германіі на беларускі рынак вырас з 925 млн 663 тыс. да 1 млрд 64 млн 398 тыс. еўра (+15%).

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 кастрычніка 2023 года жыхароў ФРГ з Днём германскага адзінства, заявіў, што падтрымка санкцый супраць Беларусі з боку афіцыйнага Берліна “наносіць шкоду і абсалютна не адпавядае надзеям двух народаў”.

Пасля выбараў 2020 года ў Беларусі ўлады ФРГ не прызналі Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам. Берлін аказвае дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, палітычным эмігрантам, незалежным СМІ.

Першыя афіцыйныя дыпламатычныя кантакты паміж Беларуссю і Германіяй адбыліся ў 1923 годзе. 13 сакавіка 1992 года ў беларускай сталіцы было падпісана пагадненне з ФРГ аб аднаўленні дыпадносін. У абедзвюх краінах адкрытыя амбасады.

Германія была адным з вядучых знешнегандлёвых партнёраў Беларусі. У 2021 годзе яна заняла 4-е месца па аб’ёме тавараабароту — 3 млрд 418,3 млн долараў (беларускі экспарт — 1 млрд 665 млн, нямецкія пастаўкі — 1 млрд 753,3 млн). Пазнейшыя звесткі Белстат засакрэціў.

Падзяліцца: