Мінск 08:10

Раней забруджаныя радыяцыяй землі Гомельскай вобласці аддадуць у гаспадарчы абарот

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

22 жніўня, Позірк. Зямельныя ўчасткі ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці агульнай плошчай 16,6452 гектара, прадастаўленыя адкрытаму акцыянернаму таварыству “Майсееўка”, выключаныя з радыяцыйна небяспечных і рашэннем урада пераведзеныя ў гаспадарчае выкарыстанне.

Адпаведная пастанова Савета міністраў (№605 ад 20 жніўня 2024 года) апублікавана 22 жніўня на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з дакументам, на райвыканкам ускладзены кантроль умоў выкарыстання згаданых участкаў у адпаведнасці з экспертным заключэннем Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Таксама мясцовыя ўлады будуць кантраляваць радыёактыўнае забруджванне прадукцыі, што вырабляецца на гэтых землях.

Пастанова ўступае ў сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях 22 красавіка заявіла, што плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 у выніку радыеактыўнага распаду за той час, што прайшоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зменшылася ў 1,8 раза і складае 25,5 тыс. кв. км (12% тэрыторыі краіны). Цэзіем-137 на ўзроўні 1 кюры на кв. км забруджана 1,5 млн гектараў лясоў і каля 19 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў.

Хімік-радыёлаг Сяргей Бесараб у інтэрв’ю “Позірку” адзначыў, што любая гаспадарчая дзейнасць на забруджаных тэрыторыях пераводзіць радыёнукліды, якія былі хімічна зафіксаваныя ў глебе, у мабільны стан.

“У цэзія-137 перыяд паўраспаду 30,17 года. Прайшло 1,23 перыяду паўраспаду. Ад усёй масы, выкінутай падчас выбуху, засталася прыкладна палова (43,53%), а радыеактыўнасць стала ў 2,35 разы менш. Гэта значыць, на тэрыторыі, дзе цэзія было мала, яго актыўнасць знізілася. Можа, і сапраўды, калі ацэньваць па плошчах, будзе гэтае памяншэнне ў 1,8 разы. Лічбы больш-менш суадносяцца і супярэчнасці няма. Але гэта нічога не азначае на справе, хоць бы таму, што цэзій існаваць не перастаў, а проста сышоў у зямлю, стаў нябачны”, — сказаў ён.

Падзяліцца: