Мінск 18:09

У чарзе на мяжы з Польшчай сабралася 108 аўтобусаў — гэта новы рэкорд

Крыніца: pixabay.com

22 жніўня, Позірк. За 24 гадзіны колькасць аўтобусаў, якія чакаюць уезду ў Польшчу ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль), павялічылася з 65 да 108, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК).

Гэта новы рэкордны паказчык для гэтага пункта пропуску.

“З прычыны ігнаравання польскім бокам нормаў пропуску тысячы турыстаў вымушаныя суткамі знаходзіцца ў аўтобусах у чаканні ўезду ў Польшчу”, — заяўляе ведамства.

Калі афармленне аднаго аўтобуса будзе займаць у сярэднім 30 хвілін (звычайна 45–60 хвілін), чаканне на мяжы складзе больш за двое сутак.

За апошнія суткі “кантрольныя службы Цярэспаля (Брэст) аформілі ўсяго 62 аўтобусы са 170 паложаных, гэта значыць 36% ад нормы”, гаворыцца ў паведамленні ДПК.

На мяжы з Літвой і Латвіяй скаплення аўтобусаў няма.

Па стане на 10:00 больш за 2.560 адзінак грузавога транспарту чакаюць уезду ў ЕС. Менш за ўсё фур за суткі прайшло ў Еўрасаюз праз літоўскі Мядзінінкай (Каменны Лог), яго кантрольныя службы аформілі 14% грузавікоў.

Супрацоўнікі польскага пункта пропуску Кукурыкі (Казловічы) прынялі на сваю тэрыторыю 59% велікагрузаў.

Перад пунктам пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына) на ўезд у Латвію фіксуецца 600 грузавікоў. Праз гэты памежны пераход на сумежную тэрыторыю заехала 55% фур.

Каля 580 легкавых транспартных сродкаў фіксуецца перад літоўскімі пунктамі пропуску і Цярэспалем (Брэст). Найбольшая колькасць легкавікоў — 480 адзінак — захоўваецца на ўездзе ў Польшчу, кантрольнымі службамі тут аформлена 37% аўто.

Аб затрымках міжнародных пасажырскіх рэйсаў паведамляе ў спецыяльным тэлеграм-канале філіял “Аўтобусны парк № 5” прадпрыемства “Мінсктранс”. На яго ўжо падпісалася больш за 13,8 тыс. чалавек.

Краіны ЕС закрылі частку пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю праз абвастрэнне адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краін ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы прама заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязана адкрыццё пунктаў пропуску.

Пры гэтым пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю “датычыцца двухбаковых адносін паміж краінамі”, польскі бок чакае ад Мінска супрацоўніцтва па раней агучаных патрабаваннях: спыненне міграцыйнага крызісу, вызваленне Пачобута і выдача забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка. Пра гэта ў эфіры “Radio ZET” заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

Падзяліцца: