Мінск 05:51

Колькасць выпадкаў клешчавога энцэфаліту павялічылася ў Беларусі амаль удвая

Крыніца: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

22 жніўня, Позірк. З пачатку 2024 года зарэгістравана больш за 200 выпадкаў клешчавога віруснага энцэфаліту і больш за 1.150 выпадкаў лайм-барэліёзу, што больш у 1,9 і 1,2 разы адпаведна, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Больш за ўсё тых, хто захварэў клешчавымі інфекцыямі — у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.

За 7 месяцаў 2024 года ў арганізацыі аховы здароўя па медыцынскую дапамогу з нагоды “прысмоктвання кляшчоў” звярнулася каля 20 тыс. чалавек, што на 11% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, гаворыцца ў паведамленні. Найбольшая колькасць зваротаў зарэгістравана ў Гродзенскай вобласці і Мінску.

Медыкі адзначаюць, што найбольш эфектыўным сродкам прафілактыкі клешчавога віруснага энцэфаліту з’яўляецца вакцынацыя, ад лайм-барэліёзу вакцыны не існуе.

З мэтай прафілактыкі інфекцый, якія перадаюцца кляшчамі, санслужба рэкамендуе:

пры наведванні лясных і паркавых зон апранаць светлую аднатонную вопратку, на якой прасцей убачыць кляшча, максімальна закрываць рукі і ногі;

выкарыстоўваць сродкі, якія адпужваюць кляшчоў (рэпеленты);

ўжываць у ежу толькі кіпячонае казінае малако;

не дапускаць празмернага зарастання травой на дачным участку, праводзіць высечку непатрэбных кустоў і скошванне травы, а таксама дэратызацыю і акарыцыдную апрацоўку ўчастка.

Падзяліцца: