Мінск 18:56

У Германіі затрымана каля 40 беларускіх турыстаў, якія ехалі ў Іспанію па грэчаскіх візах

Ілюстрацыйнае фота: udf.by

21 жніўня, Позірк. Каля 40 турыстаў з Беларусі, якія ехалі на аўтобусе ў Іспанію з грэчаскімі шэнгенскімі візамі, затрыманыя ў Германіі. Папярэдняя прычына — парушэнне правілаў выкарыстання віз, паведамляе “Люстэрка”.

Паводле інфармацыі СМІ, каля 60 турыстаў адправіліся на аўтобусе ў тур ад фірмы Interlux. Яны выехалі з Мінска ў Іспанію 19 жніўня. Аўтобус накіраваўся ў Латвію, у далейшым перасек тэрыторыю Польшчы. На мяжы Польшчы з Германіяй падчас пашпартнага кантролю з аўтобуса знялі беларусаў, у каго былі грэчаскія шэнгенскія візы і гэта была першая паездка па іх — агулам каля 40 чалавек.

“Паводле слоў нашых крыніц, грэчаскія візы падарожнікам дапамагла аформіць турфірма, “бо толькі іх і было рэальна атрымаць”, за гэта яны плацілі 400 рублёў. Тыя, для каго ўезд быў паўторным, змаглі прадоўжыць падарожжа. А затрыманых змясцілі ў паліцэйскі ўчастак у горадзе Франкфурт-на-Одэры. Яны там знаходзяцца ўжо больш за суткі”, — піша партал.

У туркампаніі журналісту пацвердзілі, што турыстаў сапраўды затрымалі і зараз кампанія на сувязі з імі. У амбасадзе Беларусі ў Германіі журналісту сказалі, што займаюцца гэтым пытаннем, нямецкая паліцыя абяцала, што да вечара ўсіх адпусцяць.

Паводле слоў консула, з якім таксама пагаварыў журналіст, з 62 чалавек у аўтобусе больш за 20 паехалі далей. Тых, каго знялі з аўтобуса, дэпартуюць у Беларусь, візы ім анулююць. Турфірма павінна ўвечары 21 жніўня даць ім аўтобус для вяртання ў краіну.

Падзяліцца: