Мінск 05:35

Кабанчук заклікаў беларускіх вайскоўцаў здавацца ў палон УСУ, калі іх накіруюць на фронт

Вадзім Кабанчук
Фота: "Позірк"

22 жніўня, Позірк. Беларускія вайскоўцы, калі іх накіруюць у зону баявых дзеянняў, павінны знайсці магчымасць для “выхаду на камандаванне Узброеных сіл Украіны для абмеркавання ўмоў па тэхнічнай здачы ў палон”, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы, былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Ён не выключыў, што “рашучыя і паспяховыя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў” на курскім кірунку ў Расіі могуць прымусіць Аляксандра Лукашэнку “прымаць ліхаманкавыя рашэнні і манеўраваць паміж дрэннымі і вельмі дрэннымі рашэннямі”.

Каманда Кабанчука цяпер правярае інфармацыю, ці задзейнічаныя беларускія вайскоўцы наўпрост у баявых дзеяннях на баку РФ.

Паводле яго, любы загад узяць удзел у вайне супраць Украіны будзе злачынным. “Прыміце ўсе меры, каб не выканаць яго, бяспечным для сябе чынам. Ваша тэхніка можа сапсавацца ў самы апошні момант, а здароўе — падвесці”, — намякнуў Кабанчук на магчымы алгарытм.

Прадстаўнік АПК нагадаў, што ўкраінскі парламент прагаласаваў за законапраект, які дазволіць спрасціць працэдуру атрымання ўкраінскага грамадзянства і віду на жыхарства добраахвотнікамі-замежнікамі.

“Не рабіце памылку, не ўступайце ў вайну на баку Расіі і яе беларускай марыянеткі”, — заклікаў беларускіх вайскоўцаў Кабанчук.

Ва Украіне расійскую агрэсію адбіваюць некалькі беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў, найбольш вядомае з якіх — полк Каліноўскага, які ўваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны (байцы падпісваюць кантракт).

Гл. таксама:

Спрашчэнне легалізацыі ва Украіне дазволіць беларускім добраахвотнікам “засяродзіцца на барацьбе з ворагам” — Кабанчук

Падзяліцца: