Мінск 18:02

Абвешчаны збор сродкаў для сям’і акцёра Есяневіча, эвакуяванага з Беларусі пасля затрымання

Крыніца: сайт BySol

23 жніўня, Позірк. Збор сродкаў для сям’і акцёра Дзмітрыя Есяневіча абвешчаны фондам салідарнасці BySol.

У каментары фонду артыст паведаміў пра прычыны збору і эміграцыі.

“Пасля майго звальнення [з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы] у 2020 годзе, нягледзячы на законы, якія абараняюць шматдзетныя сем’і ў Беларусі, нас з жонкай, двух толькі што народжаных немаўлятаў і старэйшую дачку выселілі са службовай кватэры. Мяне ўнеслі ў “чорны спіс” забароненых акцёраў, што фактычна пазбавіла мяне магчымасці працаваць у Беларусі. Афіцыйную працу я знайсці так і не змог”, — сказаў Ясяневіч.

Паводле яго слоў, у траўні гэтага года ён быў затрыманы за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”, яму пагражалі крымінальным пераследам, але ў выніку арыштавалі на 14 сутак па адміністрацыйным абвінавачванні.

Цяпер мужчына з сям’ёй знаходзіцца ў Польшчы.

Есяневіч — былы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы, удзельнік незалежнага праекта “Купалаўцы” і ютуб-праекта “Чынчынчэнэл”.

У жніўні 2020 года амаль 200 супрацоўнікаў тэатра ім. Купалы падпісалі ліст з патрабаваннем пералічыць галасы на выбарах і спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. Калектыў падтрымаў Павел Латушка, які займаў тады пасаду дырэктара тэатра. 17 жніўня на будынку тэатра былі вывешаныя нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, пасля чаго з Латушкам быў скасаваны кантракт, тэатр услед за ім пакінулі амаль 60 чалавек, у тым ліку амаль усе акцёры (засталося толькі 15 чалавек) і мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Пасля падзей 2020 года любое супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ, прызнанымі “экстрэмісцкімі”, з’яўляецца для беларускіх уладаў дастатковай падставай для крымінальнага пераследу. Гэтая практыка выкарыстоўваецца нават у дачыненні да тых, хто спыніў супрацоўніцтва на момант прысваення медыя “экстрэмісцкага” статусу.

Падзяліцца: