Мінск 21:08

У ААН выказалі заклапочанасць становішчам мігрантаў на мяжы Беларусі і ўшчамленнем правоў нацменшасцяў

Архіўнае фота: sputnik.by

23 жніўня, Позірк. Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ААН (КЛРД) выказаў заклапочанасць небяспечнымі для жыцця ўмовамі, з якімі сутыкаюцца мігранты на мяжы Беларусі з краінамі ЕС.

Пра гэта заявіла намеснік старшыні КЛРД Рэгін Эсэнем, прадстаўляючы даклад камітэта па сітуацыі ў Беларусі на прэс-канферэнцыі 23 жніўня.

Выснова аб небяспечных умовах для мігрантаў на мяжы, паводле яе слоў, зробленая камітэтам на аснове паведамленняў аб “празмерным ужыванні сілы, адвольных затрыманнях і цяжкасцях з атрыманнем доступу да працэдур надання прытулку”.

Камітэт заклікаў Беларусь “прыняць неадкладныя меры па абароне жыцця і бяспекі людзей на мяжы, прадухіліць празмернае прымяненне сілы і забяспечыць падрыхтоўку ў галіне правоў чалавека для беларускіх памежнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.

КЛРД таксама заклікаў Мінск да “працягу супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і іншымі зацікаўленымі бакамі для ўзмацнення абароны правоў чалавека і забеспячэння адпаведнасці працэдур прадастаўлення прытулку міжнародным стандартам”.

Акрамя гэтага, паводле слоў Эсэнем, камітэт “занепакоены паведамленнямі аб тым, што прадстаўнікі нацыянальных і іншых меншасцяў сутыкаюцца [у Беларусі] з адміністрацыйнымі і іншымі абмежаваннямі свабоды асацыяцый і ажыццяўлення свайго права на адукацыю, рэлігію, мову і культуру, што прыводзіць да роспуску асацыяцый меншасцяў, закрыцця школ меншасцяў і адмены культурных мерапрыемстваў”.

КЛРД “настойліва заклікаў” Беларусь “эфектыўна ўжываць закон аб нацыянальных меншасцях для забеспячэння таго, каб прадстаўнікі нацыянальных і іншых меншасцяў у поўнай меры карысталіся свабодай асацыяцыі, адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў, уключаючы польскую і літоўскую, культурнымі правамі і свабодай вызнання сваёй рэлігіі”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, выступаючы раней на пасяджэнні КЛРД, адхіліў абвінавачванні ў бок Мінска “ў інструменталізацыі мігрантаў”, а таксама заявіў, што ўлады плануюць правесці ў лістападзе ў беларускай сталіцы “міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі ў рэгіёне”.

Амбразевіч таксама паскардзіўся на “незаконныя аднабаковыя” санкцыі супраць Мінска і “знешнія інфармацыйныя войны і фэйкі”, заклікаўшы, “не паддавацца ўплыву негатыўнага іміджу [Беларусі], які метадычна навязваецца сусветнай супольнасці”.

Рэкамендацыі адносна ліквідацыі дыскрымінацыі меншасцяў утрымліваліся ў альтэрнатыўным прадстаўленаму беларускімі ўладамі дакладу аб сітуацыі ў Беларусі, які быў накіраваны ў адрас КЛРД беларускімі праваабаронцамі.

Аўтары дакладу заклікалі беларускія ўлады спыніць практыку замацавання ў заканадаўстве дыскрымінацыйных нормаў, якія закранаюць правы нацыянальных меншасцяў або асоб, якія маюць часовую сувязь з замежнымі дзяржавамі, распачатую пасля 2020 года, а таксама дыскрымінацыйную правапрымяняльную практыку.

Яны прапанавалі спыніць пераслед і ліквідацыю арганізацый грамадзянскай супольнасці і асобных актывістаў, якія займаюцца захаваннем і развіццём нацыянальных культур.

Акрамя таго, праваабаронцы лічаць важным “спыніць дыскрымінацыйныя практыкі, якія парушаюць культурныя правы польскай літоўскай і ўкраінскай нацыянальных меншасцяў, уключаючы адмену культурных мерапрыемстваў, цэнзуру, знішчэнне мемарыяльнай і іншай гісторыка-культурнай спадчыны”.

Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі — орган, які складаецца з незалежных экспертаў, якія назіраюць за выкананнем дзяржавамі — удзельніцамі Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. На бягучым пасяджэнні КЛРД была разгледжана сітуацыя ў Беларусі, Босніі і Герцагавіне, Вялікабрытаніі, Венесуэле, Іраку, Іране і Пакістане.

Падзяліцца: