Мінск 08:47

Мінфін ЗША увёў санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў

Крыніца: pixabay.com

24 жніўня, Позірк. Мінфін ЗША аб’явіў аб увядзенні санкцый супраць двух беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў — у новым пакеце абмежаванняў, накіраваных на прадухіленне “міжнародных ланцужкоў паставак” РФ і прымеркаваных да Дня незалежнасці Украіны, які адзначаецца 24 жніўня.

Санкцыі названыя “адказам на агрэсіўную вайну супраць Украіны, якая працягваецца”.

Фігуранты з Беларусі пералічаны сярод 400 фізічных і юрыдычных асоб у тым ліку з Расіі, краін Азіі, Еўропы, Блізкага Усходу.

Гэта ААТ “Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць) і Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне парашковай металургіі (ДНВА ПМ, Мінск). Іх кіраўнікі адпаведна Генадзь Філіпаў і Аляксандр Ільюшчанка.

Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, названыя прадпрыемствы займаюцца пастаўкай прадукцыі для патрэб расійскага ваенпрама: першае прадпрыемства вырабляе прыцэлы да бронетэхнікі і стралковай зброі, другое — распрацоўвае элементы сродкаў паражэння.

Акрамя таго, трое грамадзян Беларусі ўнесены ў спіс з паметкай “рызыка другасных санкцый”: Ігар Кузьменка, Антон Лаўрэнцьеў і Алена Цітова.

Мэтамі Дзярждэпартамента, падкрэсліваецца ў яго заяве, сярод іншага з’яўляюцца юрыдычныя і фізічныя асобы, якія маюць дачыненне да будучай вытворчасці і экспарту расійскай энергіі, металаў і горназдабыўной прамысловасці, ухіленню ад санкцый, ваенна-прамысловай базе Расіі, уключаючы вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), падтрымцы ваенных дзеянняў РФ з боку Беларусі, “суб’екты, якія маюць дачыненне да спроб гвалтоўнага “перавыхавання” дзяцей Украіны.

Папярэднія санкцыі ЗША ўводзіліся да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Яны датычыліся 19 фізічных і 14 юрыдычных асоб з Беларусі, а таксама самалёта Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: