Мінск 09:08

У Беларусь вывезена 115 расійскіх вайскоўцаў, узятых у палон у Курскай вобласці і абмененых на ўкраінскіх ваеннапалонных

Скрыншот: відэазапіс ТАСС

24 жніўня, Позірк. У Беларусь вывезена 115 расійскіх вайскоўцаў, узятых украінскай арміяй у палон у Курскай вобласці і абмененых на ўкраінскіх ваеннапалонных, вынікае з паведамлення Міністэрства абароны РФ.

“У цяперашні час усе расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама прадастаўлена магчымасць звязацца са сваякамі. Усе вызваленыя вайскоўцы будуць дастаўленыя ў Расійскую Федэрацыю для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расіі”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе МА РФ.

Паведамляецца таксама, што “пасярэдніцкія намаганні гуманітарнага характару” здзейснілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Раней таксама з’яўляліся паведамленні, што для абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі. Афіцыйна гэтая інфармацыя звычайна не публікавалася.

Украінская армія, якая 6 жніўня ўступіла ў Курскую вобласць, узяла ў палон значную колькасць салдат праціўніка, у тым ліку тэрміновай службы, што пацвярджаецца шматлікімі відэасведчаннямі. Кіеў неаднаразова падкрэсліваў, што папаўненне абменнага фонду дапаможа вызваліць з расійскага палону сваіх вайскоўцаў, якія, паводле заяў украінскіх уладаў, утрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Гэтым заявам таксама маюцца відэадоказы з мінулых абменаў.

Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага паведаміў, што дадому вярнулася 115 украінскіх палонных: воіны Нацыянальнай гвардыі, Узброеных сіл, Ваенна-марскіх сіл, супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы.

Падзяліцца: