Мінск 09:06

Прэм’ер-міністр Літвы заклікала ўзмацняць санкцыі супраць Беларусі

Інгрыда Шыманітэ (злева) і беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

24 жніўня, Позірк. “Мы павінны працягваць узмацняць санкцыі супраць Расіі і яе паслугачоў: Беларусі, Ірана і Паўночнай Карэі”, — заявіла прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у Кіеве 24 жніўня.

“Любая краіна, якая пачынае або дапамагае ў несправаакаванай і несправядлівай ваеннай агрэсіі, павінна разумець адказнасць і плаціць. Любы, хто здзяйсняў злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці, супраць Украіны, павінен паўстаць перад міжнародным трыбуналам, пачынаючы з Пуціна і іншых, хто аддаваў загады з самага верху”, — сказала Шыманітэ.

“Наш абавязак — дапамагчы Украіне аднавіцца, — падкрэсліла яна. — Аднак адзіны справядлівы спосаб фінансаваць гэтыя намаганні — прымусіць агрэсара заплаціць. Літва не стоміцца паўтараць, што ўсе замарожаныя і абезрухоўленыя расійскія актывы ў рамках нашых санкцый павінны быць накіраваныя ва Украіну”.

Шыманітэ і Дуда прыбылі ў Кіеў на перамовы з Зяленскім у Дзень незалежнасці Украіны.

(Выкарыстаная відэазапіс прэс-канферэнцыі на ютуб-канале Офіса прэзідэнта Украіны)

Падзяліцца: