Мінск 06:21

Незалежнасць Беларусі не “звалілася з неба”, яна стала магчымай дзякуючы барацьбе пакаленняў патрыётаў — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

25 жніўня, Позірк. “33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай” — увасобілася ў рэальнасць “тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў”, краіна “вярнулася на карту Еўропы”, здабыла “герб і сцяг”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў звароце на сваім сайце з нагоды гадавіны надання статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР (прынятая 27 ліпеня 1990 года).

“У гісторыі Беларусі падзеі 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць БНР, 27 ліпеня 1990-га, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, і 25 жніўня 1991-га, калі Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона — стаяць у адным шэрагу барацьбы беларусаў за права мець сваю дзяржаву”, — падкрэсліла палітык.

Ціханоўская запярэчыла вядомаму тэзісу, што незалежнасць Беларусі “звалілася з неба”. “Гэта не так, — сказала яна. — Незалежнасць Беларусі стала магчымай дзякуючы барацьбе і працы пакаленняў беларускіх патрыётаў. Айцоў-заснавальнікаў БНР і слуцкіх паўстанцаў. Беларускага падполля. Моладзевых суполак і інтэлігенцыі. Дыяспары, якая праз гады савецкай акупацыі адстойвала інтарэсы беларусаў у свеце. Дзясяткаў тысяч беларусаў, якія, нягледзячы на страх і прапаганду, выходзілі на цэнтральныя плошчы ў Мінску і іншых гарадах. І, безумоўна, адважных дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным савеце, якія замацавалі незалежнасць Беларусі ў асноватворных законах”.

Паводле слоў дэмлідара, гісторыя Беларусі — гэта “гісторыя барацьбы за свабоду”. “Мы паўставалі, калі нас спрабавалі заняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбнага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала”, — удакладніла палітык.

У беларусаў, дадала яна, “ёсць якасці, якія заўсёды дапамагалі перажыць цёмныя часы”. “Цярпенне і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны. Як паказаў 2020-ы, мы, беларусы, умеем паказаць сябе і здзівіць увесь свет”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна заклікала “працягваць барацьбу”: “Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Хай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень. “Праз залевы і завалы мы ідзем ды нашай мэты. І мы дойдзем, галоўнае, каб яна дачакалася нас”. Гэта сказаў Алесь Бяляцкі, наш мудры і нязломны нобелеўскі лаўрэат”.

Звярнуўшыся “да тых, хто працуе ў сістэме, у дзяржаўнай наменклатуры і арміі”, Ціханоўская выказала меркаванне, што сярод іх “шмат годных людзей”. “Незалежна ад таго, якія ў вас погляды, пасады і абавязкі, памятайце: незалежнасць — найвышэйшая каштоўнасць і найвышэйшы здабытак нашага народа, — сказала яна. — Не дазваляйце рэжыму знішчыць тое, што мы здабылі 25 жніўня 1991 года, прадаць нашу краіну Расіі і ўцягнуць наш народ у вайну. Вы павінны служыць беларускаму народу, а не злачыннаму дыктатару, які гатовы заплаціць незалежнасцю краіны дзеля захавання асабістай улады”.

“У канцы я хачу яшчэ раз павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня — днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата — дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўжды, цяжар дыктатуры і, як пісаў Якуб Колас, выйдзе “на прастор, на шырокі разлог”, каб адбудаваць уласную краіну для сябе і будучых пакаленняў”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Падзяліцца: