Мінск 06:39

Захад не павінен дазволіць Лукашэнку абдурыць сябе — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

25 жніўня, Позірк. “Вельмі важна”, каб краіны Захаду былі адзіныя ў сваёй палітыцы адносна Беларусі і не дазволілі Аляксандру Лукашэнку “абдурыць сябе”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 25 жніўня ў Ольштыне (Польшча) на Campus Poland of the Future “Плошча адкрытай думкі”.

Паводле яе слоў, якія перадае прэс-служба, цяпер Лукашэнка “імкнецца дыстанцыявацца ад [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна”, але задача дэмсіл — “не ратаваць Лукашэнку ад Пуціна”, а “выратаваць Беларусь ад Лукашэнкі”.

Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў форуму, палітык адзначыла, што ў 2020 годзе Лукашэнка яе “недаацаніў”, але “ён таксама недаацаніў” беларускае грамадства.

“Ён страціў сувязь з рэчаіснасцю, з людзьмі. Ён думаў, што ўсе яго любяць, але моцна памыляўся. Мы таксама, як грамадства, на жаль, недаацанілі маштаб жорсткасці рэжыму”, — сказала Ціханоўская.

“Часта беларускую рэвалюцыю параўноўваюць з Еўрамайданам, але кантэкст быў іншым, — дадала яна. — Ва Украіне мяняліся прэзідэнты, гэта ўсё ж была дэмакратыя, і было шмат людзей па абодва бакі канфлікту. У Беларусі Лукашэнка стварыў сістэму для сябе. Да таго ж беларускае грамадства вельмі мірнае. Нам часта казалі, што мы занадта пакорлівыя. Што здымалі абутак, устаючы на лаўку. Але цяпер тыя ж людзі змагаюцца на баку Украіны як добраахвотнікі”.

На думку палітыка, неабходна “пачаць працэсы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы”. “Цяпер ён і яго асяроддзе адчуваюць сябе беспакаранымі і працягваюць злачынствы ў Беларусі”, — удакладніла дэмлідар.

Гаворачы аб складанасцях з атрыманнем у Беларусі віз, яна падкрэсліла, што “важна не ізаляваць беларусаў, [трэба] дазволіць ім наведваць сваякоў і сяброў, вучыцца за мяжой”.

“Лукашэнка кажа: ніхто не хоча бачыць вас на Захадзе. Захад не жадае вам дапамагчы. Мы хацелі б іншага — вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю”, — адзначыла Ціханоўская.

Campus Poland of the Future “Плошча адкрытай думкі” — штогадовае мерапрыемства, дзе абмяркоўваюцца пытанні палітыкі, бяспекі, культуры, адукацыі, грамадзянскай супольнасці.

Сёлета праходзіць у Ольштыне, чакаецца ўдзел прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага, прэзідэнта Еўрапейскага парламента Раберты Метсолы, віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі Веры Ёўравай, экс-прэм’ер-міністра Фінляндыі Санны Марын.

Ціханоўская наведвае Польшу з візітам 25–26 жніўня.

Падзяліцца: