Мінск 22:45

Паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы — СНБА Украіны

Крыніца: pixabay.com

26 жніўня, Позірк. Менш за тысячу беларускіх вайскоўцаў знаходзяцца зараз паблізу мяжы з Украінай, “не створана ўдарнай групоўкі”, з прычыны чаго паўнацэнны наступ з тэрыторыі Беларусі ў цяперашні час немагчымы, заявіў 26 жніўня кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Андрэй Каваленка у інтэрв’ю “РБК-Україна”.

Паводле яго, “[Аляксандр] Лукашэнка проста імкнецца зараз дапамагчы [Уладзіміру] Пуціну, адцягваючы частку ўкраінскіх сіл і ўвагу ўкраінскага камандавання на гэты фланг, і прапампоўваючы гэтае пытанне праз сваю прапаганду”.

“Увесь гэты інфармацыйны шум накіраваны таксама на Расею, бо Лукашэнка вымушаны паказваць Пуціну, што ён нешта робіць. Ён як хітры палітык спрабуе Пуціна ўсё ж недзе падмануць у дадзенай сітуацыі”, — лічыць Каваленка.

25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала “службовых асоб” у Мінску “не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы” і “адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы”.

Войскі ўладам Беларусі прапанавана адвесці “на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у РБ сістэм агню”.

“Паводле даных разведвальных органаў Украіны, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў засяроджваюць значную колькасць асабовага складу, у прыватнасці, Сіл спецыяльных аперацый, узбраення і ваеннай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА, сродкі СПА і інжынерную тэхніку, у Гомельскай вобласці паблізу паўночных. межаў Украіны”, — гаварылася ў заяве.

Сцвярджалася, што на мяжы з беларускага боку “зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК “Вагнер”.

“Правядзенне вучэнняў у пагранічнай паласе і непасрэднай блізкасці да аб’екта атамнай энергетыкі, Чарнобыльскай АЭС, стварае пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспекі ў цэлым”, — адзначаў украінскі МЗС.

Ведамства падкрэсліла, што Украіна “ніколі не рабіла і не збіраецца прадпрымаць ніякіх недружалюбных дзеянняў супраць беларускага народа”.

25 жніўня Каваленка таксама напісаў у сваім тэлеграм-канале, што “ўсе пагрозы наступлення з Беларусі” выключна інфармацыйныя, не больш” (арфаграфія захавана), а сілы абароны кантралююць сітуацыю.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” (дадзена і часткова апублікавана 15 жніўня, новыя фрагменты з’явіліся 18 жніўня) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. “Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных пунктах – так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых ваенных”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расейскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта з асцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласці, як у лютым 2022 года.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы “амаль трэць арміі” ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высвятлення сітуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзены абодвума бакамі.

У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі разведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы справіліся з сітуацыяй “дыпламатычнай мовай”.

Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, ўкраінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

У выніку 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка паведаміў на наступны дзень, што служба не бачыць зменаў на мяжы.

18 жніўня Дземчанка зноў заявіў, што ДПСУ не фіксуе павелічэння колькасці тэхнікі альбо асабовага складу беларускай арміі ля агульнай мяжы.

Падзяліцца: