Мінск 20:28

МЗС Беларусі абвінаваціў Украіну ў “хітрай гульні” вакол войскаў ля мяжы

Архіўнае фота: БелТА

26 жніўня, Позірк. У МЗС Беларусі афіцыйна звароты ад украінскага боку з патрабаваннем аб адвядзенні войскаў “ні ў якім выглядзе не паступалі”, заявіў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз 26 жніўня, каментуючы распаўсюджаную напярэдадні заяву МЗС Украіны.

“Сёння шмат хто пытаецца, што гэта было? І навошта? У нас няма адказаў на гэтыя пытаньні. Іх дакладна трэба адрасаваць МЗС Украіны”, — гаворыцца ў каментары.

Прадстаўнік ведамства таксама падкрэсліў, што ў МЗС “толькі бачылі гэтае паведамленне на прасторах інтэрнэту”: “Ведаеце, там хапае ўсякага. Такім чынам, мы самі былі б удзячныя, калі б хто-небудзь змог нам растлумачыць логіку падобных заяў. Як на нашу думку, вельмі мудрагелістую”.

У ведамстве лічаць, што “кіраўніцтва Украіны запускае праз тэрыторыю Беларусі баявыя дроны, а праз тыдзень на сайце свайго МЗС здзіўляецца дзеянням узброеных сіл, якія выконваюць задачы па забеспячэнні бяспекі тэрыторыі Беларусі і грамадзян”.

“У нашым разуменні тут усё лагічна. Асабліва, калі ўлічыць пастаянныя правакацыі на мяжы з украінскага боку, дыслакацыю групоўкі войскаў больш за 100 тыс. чалавек, закід у Беларусь тэрарыстаў, іх забеспячэнне і фінансаванне, татальнае мініраванне прыгранічнай тэрыторыі і многія іншыя рэчы”, – сказана ў каментары.

“Але ж вы разумееце, што гэта ў рамках класічнай логікі. А якой логікай кіруецца ўкраінскі бок, мы не ведаем. Магчыма, тут прысутнічае нейкая хітрая гульня, разлічаная на ўнутранае спажыванне альбо на атрыманне авацый з Захаду. Аднак галоўнае ў такой гульні – не перахітрыць саміх сябе”, – адзначыў Глаз.

25 жніўня МЗС Украіны выпусціла заяву, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы “на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у РБ сістэм агню”.

“Па дадзеных разведвальных органаў Украіны, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў засяроджваюць значную колькасць асабовага складу, у прыватнасці, Сіл спецыяльных аперацый, узбраення і ваеннай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА, сродкі СПА і інжынерную тэхніку, у Гомельскай вобласці паблізу паўночных. межаў Украіны”, – гаворыцца ў ім.

Ведамства папярэдзіла, што ў выпадку парушэння дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі Украіна “прыме ўсе неабходныя захады ў парадку рэалізацыі гарантаванага Статутам ААН права на самаабарону. Пры гэтым усе зборы войскаў, ваенныя аб’екты і шляхі забеспячэння на тэрыторыі Беларусі будуць законнымі мэтамі для Узброеных сіл Украіны”.

Пазней кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка заявіў, што сілы абароны кантралююць сітуацыю.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” (дадзена і часткова апублікавана 15 жніўня, новыя фрагменты з’явіліся 18 жніўня) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. “Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных пунктах – так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б – нашых ваенных”, – сказаў ён.

Па сцвярджэнні Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расейскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта з асцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласці, як у лютым 2022 года.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы “амаль трэць арміі” ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высвятлення сітуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзены абодвума бакамі.

У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі разведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Менск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы справіліся з сітуацыяй “дыпламатычнай мовай”.

Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, ўкраінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

У выніку 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка паведаміў на наступны дзень, што служба не бачыць зменаў на мяжы.

18 жніўня Дземчанка зноў заявіў, што ДПСУ не фіксуе павелічэння колькасці тэхнікі альбо асабовага складу беларускай арміі ля агульнай мяжы.

“Сітуацыя на мяжы з Рэспублікай Беларусь без змен. Як бачым, рыторыка Лукашэнкі таксама не мяняецца, пастаянна нагнятаючы сітуацыю з рэгулярнай перыядычнасцю, каб дагадзіць краіне-тэрарысце”, — сказаў спікер ДПСУ.

Паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы — СНБА Украіны

26 жніўня, Позірк. Менш за тысячу беларускіх вайскоўцаў знаходзяцца зараз паблізу мяжы з Украінай, "не створана ўдарнай групоўкі", з прычыны чаго паўнацэнны наступ з тэрыторыі Беларусі ў цяперашні час немагчымы, заявіў 26 жніўня кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Савеце …
Падзяліцца: