Мінск 20:19

Лукашэнка паскардзіўся педагогам, што яму “з усіх бакоў” раяць “плюнуць на Расію”

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

27 жніўня, Позірк. Улады “далі рады гэтаму вялікаму выкліку”, які ўяўляюць сабой уведзеныя ў дачыненні да Беларусі “маштабныя санкцыі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня ў Мінску на рэспубліканскім педагагічным савеце.

“Я не кажу пра тое, што на поўдні ў нас вайна ідзе, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Што гэтыя шалёныя на Захадзе рыхтуюць супраць нас. Мы павінны гэта трымаць у поле зроку. Што нам трэба ў гэтай сітуацыі — краіну, махіну гэтую (маленькая Беларусь — яна не такая маленькая, калі займаешся ёю ў цэлым), разгарнуць з Захаду на Усход. Трэба забяспечыць, каб цябе прынялі на Усходзе. Дзякуй богу, у нас гэта атрымліваецца, але гэта найцяжэйшая праца”.

Ён заклікаў педагогаў зразумець, што “краіна жыве ў вельмі цяжкі перыяд, пытанне “альбо — альбо”.

“Нам зараз раяць, падкідваюць з боку (на мяне ўсё гэта выліваецца): “Давай тут адступіся, там вызвалі”, — заявіў ён. — Пачынаючы адсюль і заканчваючы: “Ды плюнь ты на гэтую Расію, ды адвярніся ты ад гэтай Расіі. Давай будзеш ваяваць з Украінай супраць Расіі. А да той мяжы мы войскі НАТО пад Смаленск завядзем”. Даходзіць і да гэтага. Мне сёння ўносяць прапановы з усіх бакоў, якія мы прыняць не можам на 99%”.

Спікер не ўдакладніў, хто менавіта выступае з такімі прапановамі.

“Таму я хачу, каб вы зразумелі, у якім мы становішчы, у якой сітуацыі жывем. Гэта ўсё, што я вам магу сказаць. І столькі ж я сказаць проста сёння не магу: усе астатнія пытанні — гэта мае пытанні. Зрабіце сваю справу, а я буду рабіць сваю справу разам са сваімі калегамі ва ўрадзе, вышэйшымі службовымі асобамі”, — дадаў Лукашэнка.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

У тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і шмат якіх прадпрыемстваў краіны.

Падзяліцца: