Мінск 17:24

У Мінскім раёне гарэў будынак аўтамыйкі — трое пацярпелых у рэанімацыі

Скрыншот: МНС

27 жніўня, Позірк. У выніку ўзгарання на аўтамыйцы для грузавых машын каля аграгарадка Азярцо (Мінскі раён) пацярпелі тры чалавекі, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адным з пацярпелых з’яўляецца супрацоўнік МНС, ён удзельнічаў у тушэнні пажару.

“Папярэдне адбылося абвальванне перакрыцця на паўпрычэп-цыстэрну грузавога аўтамабіля, які знаходзіцца ўнутры гаража, з наступным яго ўзгараннем. Узгаранне ліквідавана. На месцы працавалі 20 адзінак тэхнікі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Паводле звестак МНС, згаданы супрацоўнік пры працы на месцы здарэння “адчуў недамаганне”. Пасля агляду медыкамі з папярэднім дыягназам “цеплавы ўдар” ён дастаўлены ў Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. У гэтую ж установу аховы здароўя шпіталізаваныя яшчэ двое пацярпелых.

“Сёння днём у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі дастаўлена трое пацярпелых у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй у Мінскім раёне. Яны знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі, праводзяцца комплексныя дыягнастычныя мерапрыемствы. Таксама прыцягнутыя спецыялісты рэспубліканскіх устаноў для наступнага вызначэння тактыкі лячэння гэтых пацыентаў. Стан гэтых пацыентаў ацэньваецца як цяжкі, стабільны”, — паведаміў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі ведамства Леанід Недзень.

Падзяліцца: