Мінск 04:15

Прадстаўнік Мінска ў ААН заявіла, што ёй невядомыя факты смерці ў няволі палітвязняў з інваліднасцю

Памерлы ў няволі палітвязень з інваліднасцю Ігар Леднік
Крыніца: "Вясна"

28 жніўня, Позірк. “Беспарадкі” ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года былі “часткова інспіраваныя з-за мяжы”, “масавага ўцягвання” ў іх людзей з інваліднасцю “не назіралася”, заявіла пастаянны прадстаўнік беларускіх уладаў у аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская.

Фрагменты яе выступу на пасяджэнні Камітэта ААН па правах людзей з інваліднасцю 27 жніўня апублікаваў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на пытанне пра смерць двух палітвязняў з інваліднасцю, зададзенае на пасяджэнні прадстаўнікам Мінска экспертам камітэта Амаліяй Гаміа Рыас. Яна спытала таксама, ці праводзілася ў Беларусь расследаванне па гэтых фактах.

“Я не магу гэта пракаментаваць. Нам такія звесткі, такія даныя, факты невядомыя, што менавіта людзі з інваліднасцю загінулі ў турме ў сувязі з інваліднасцю”, — адказала Бельская.

Кажучы пра падзеі 2020 года, яна адзначыла, што “частка людзей, незадаволеных вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, спрабавала іх аспрэчыць, аднак не ў заканадаўчым парадку, а спрабавала інспіраваць менавіта беспарадкі”.

Пастаянны прадстаўнік сцвярджае, што Следчым камітэтам “праводзілася расследаванне тых скаргаў, якія паступалі ў дачыненні да нібыта парушэння правоў [затрыманых]”.

У сваю чаргу намесніца Бельскай у жэнеўскім аддзяленні ААН Іна Васілеўская заявіла, што ўмовы ўтрымання людзей з інваліднасцю ў месцах пазбаўлення волі “ўлічваюць іх становішча”. “Прымаюцца ў адпаведнасці з унутранымі дакументамі Міністэрства ўнутраных спраў адпаведныя меры для забеспячэння дастойных умоў утрымання. Сістэма пакарання прымае пад увагу адпаведныя спецыфічныя ўмовы дадзеных людзей, і адпаведнае рэгуляванне яно як бы існуе”, — сказала яна.

20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы на 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік, які быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам.

Журналіст і грамадскі актывіст быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага абвінавачвання, але пасля іх ён на волю не выйшаў.

6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў мужчыну да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”. Ён адбываў пакаранне ў ПК № 15 у Магілёве.

У траўні 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасцю 2-й групы Мікалай Клімовіч.

28 лютага мінулага года суд у Пінску (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў Клімовіча да аднаго года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Клімовіч паставіў знак “смешна” пад карыкатурай, на якой Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін паказаныя ў нацысцкай форме.

Усяго ў 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла шэсць палітычных зняволеных. Гэта таксама Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і Аляксандр Кулініч.

Некалькі разоў на год праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра смерць асуджаных не па палітычных матывах.

Падзяліцца: