Мінск 11:28

З пачатку года на чыгунцы загінулі 42 чалавекі

Крыніца: БЧ

28 жніўня, Позірк. З пачатку 2024 года на чыгунцы ў Беларусі адбылося 62 “выпадкі невытворчага траўматызму” — на два больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведамляе прэс-служба БЧ.

Загінула 42 чалавекі, сярод іх адно дзіця.

Асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў з непаўналетнімі — “ігнараванне элементарных правілаў бяспекі, спешка, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў слухаўках пры пераходзе чыгуначных шляхоў”, гаворыцца ў паведамленні.

“З 2 па 13 верасня 2024 года Беларуская чыгунка правядзе акцыю “Дзеці і бяспека”, накіраваную на прафілактыку дзіцячага траўматызму і гібелі непаўналетніх на аб’ектах чыгуначнага транспарту. Асаблівая ўвага будзе нададзена дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных шляхоў, на вакзалах, станцыях і ў цягніках”, — адзначылі ў БЧ.

У рамках анансаванай акцыі, як заяўляецца, “работнікі беларускай магістралі сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў і супрацоўнікамі органаў унутраных спраў традыцыйна арганізуюць рэйды”.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі 4 чэрвеня ў Мінску начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч, за 5 месяцаў 2024 года ад знешніх прычын у Беларусі загінула 42 дзіцяці.

“Гэта лічба несуцяшальная, яна большая, чым за аналагічны перыяд 2023 года, — сказала яна. — Хацелася б падкрэсліць, што асноўнымі прычынамі гібелі дзяцей з’яўляюцца суіцыды, гібель пры пажарах, утапленні, падзенні з вышыні і злачынныя дзеянні ў дачыненні да дзяцей”.

Паводле слоў Фіневіч, па шэсць дзяцей загінула на пажарах і ў дарожна-транспартных здарэннях, адно дзіця — у выніку падзення з 11 паверха жылога дома (за 2023 год — 5), чацвёра — ад злачынных дзеянняў.

Падзяліцца: