Мінск 19:22

Баркоўскі: Ключавая праблема беларускай навукі і адукацыі — у жаданні дзяржавы ўмешвацца і кантраляваць

Фота: АПК

28 жніўня, Позірк. Ключавая праблема беларускай навукі і адукацыі палягае не ў “састарэласці матэрыяльнага фонду”, а ў “жаданні дзяржавы ў ручным рэжыме ўмешвацца і кантраляваць дзейнасць навукоўцаў”, заявіў намеснік прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Баркоўскі, рэагуючы на планы ўладаў давесці беларускую адукацыю да сусветнага ўзроўню. 

Баркоўскі, якога цытуе прэс-служба АПК, адзначыў, што на рэспубліканскім педагагічным савеце 27 жніўня “галоўны ідэолаг беларускай адукацыі і самапрызначаны прэзідэнт рытуальна змагаўся з бясконцай папяровай справаздачнасцю школьных настаўнікаў і агучыў амбіцыйную задачу збудаваць найноўшы беларускі адукацыйны хаб з сучасным кампусам і абсталяваннем”, каб зрабіць “не горш за Гарвард”.

“Каб таленавітыя беларускія навучэнцы не разбягаліся, як яго сын Мікалай, па ўсім свеце дзеля лепшай адукацыі і працаўладкавання, а заставаліся. Менавіта так Лукашэнка бачыць вырашэнне сістэмнага крызісу, у якім аказалася беларускія адукацыя і навука”, — адзначыў удельнік кабінету.

Паводле яго слоў, крызіс беларускай адукацыі і навукі “не вырашыць сучаснымі будынкамі і тэхналагічным рыштункам, які яшчэ трэба ўмудрыцца знайсці з улікам санкцый і абмежаванасці кітайскіх і расійскіх аналагаў”.

Сённяшні падыход дзяржавы выключае “стварэнне сучаснага адукацыйнага хаба сусветнага ўзроўню”, перакананы Баркоўскі, бо ў Беларусі “ажыццяўляецца жорсткі кантроль за тэмамі Акадэміі навук”, “фінансаванне атрымліваюць толькі пэўныя тэмы і праекты”, нелаяльных навукоўцаў “выціскаюць цэлымі лабараторыямі ці навуковымі школамі са сцен акадэмічных устаноў”, а на адміністрацыйных пасадах “пакідаюць выключна адданых чыноўнікаў-бюракратаў”.

“Каб прэтэндаваць на беларускі Гарвард ці Ель, трэба глядзець не на сцены і прыборы, а на якасць навуковых і педагагічных кадраў, ствараць умовы для свабоднай даследчай працы студэнтаў і аспірантаў”, — падкрэсліў намеснік прадстаўніка АПК нацадраджэнні.

Менавіта гэта, дадаў ён, а таксама “сучасныя падыходы да арганізацыі ўніверсітэцкіх і агулам акадэмічных форм жыцця”, змагло б “вярнуць Беларусь у шэрагі краін з высокім узроўнем адукацыі і навукі”. 

“Але пакуль маем тое, што маем. Кепская палітыка вядзе да дрэннай адукацыі. І прыгожымі словамі гэта не змяніць. Трэба мяняць саму сістэму. Капітальна”, — заявіў Баркоўскі.

Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце напярэдадні заявіў, што ў Беларусі “самым сур’ёзным чынам” узяліся за навуку. Улады, паводле яго слоў, спрабуюць “практычна на маршы пераарыентаваць працу Нацыянальнай акадэміі навук (НАН), скіраваўшы сілы і веды на рэалізацыю перспектыўных навукаёмістых праектаў”.

“Міністр далажыў пра вынікі праверкі дзейнасці ВНУ і рэктараў, праведзенай на маё даручэнне. Але я вам скажу, што гэта толькі пачатак і адсядзецца нікому не ўдасца. Мы маем намер самым бескампрамісным чынам навесці парадак ва ўніверсітэтах”, — сказаў Лукашэнка.

18 чэрвеня ён падпісаў распараджэнне аб стварэнні працоўнай групы па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Першае пасяджэнне групы, у якое ўвайшло 14 чалавек, адбылося праз тыдзень, 25 чэрвеня, пад старшынствам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава. Ёй належыць вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

Праз месяц, 30 ліпеня, Лукашэнка патлумачыў, чаму было вырашана стварыць гэтую групу. Паводле яго слоў, НАН апошнім часам “дапускала сур’ёзныя пралікі”.

Пасля падзей 2020 года рэпрэсіі закранулі ў тым ліку сферу навукі і адукацыі. Пераслед зазналі студэнты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, навукоўцы; многія былі адлічаныя або звольненыя, пазбаўленыя волі, вымушана пакінулі краіну. Ва ўніверсітэтах з’явіліся прарэктары па бяспецы і кадрах, якія фактычна адказваюць за палітычную лаяльнасць у ВНУ. У школах сталі масава ствараць “класы вайскова-патрыятычнай накіраванасці”. Не працягнулі ліцэнзіі большасці прыватных школ, спыняюць працу нешматлікія недзяржаўныя ВНУ.

Дэмакратычныя сілы ўвесь час лабіююць за мяжой адкрыццё адукацыйных праграм для беларускіх студэнтаў, якія былі вымушаныя выехаць з краіны. У траўні АПК паведаміў, што ў навукоўцаў паўстала ідэя стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта. Ён задуманы як інтэлектуальны цэнтр, здольны стымуляваць пераўтварэнні ў сістэме адукацыі і грамадстве.

Дарадца Ціханоўскай: Пераадоленне крызісу ў навуцы павінна пачынацца з вызвалення навукоўцаў і выкладчыкаў

7 жніўня, Позірк. Беларуская навука знаходзіцца ў глыбокім крызісе, першым крокам для яго пераадолення павінна стаць вызваленне ўсіх навукоўцаў і выкладчыкаў, асуджаных па палітычных прычынах. Так пракаментавала нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што "грамадзянін з высокім званнем навукоўца павінен …
Падзяліцца: