Мінск 20:12

“Першы інфармацыйны” тэлеканал павінен быць “без усялякай хлусні”, патрабуе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: pexels / pixabay.com

29 жніўня, Позірк. “Першы інфармацыйны” павінен быць “сапраўдным беларускім” тэлеканалам, “без усялякай хлусні”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня ў Мінску, заслухаўшы даклад пра “актуальныя пытанні інфармацыйнай палітыкі”.

У сустрэчы ўзялі ўдзел намеснік кіраўніка яго адміністрацыі Уладзімір Пярцоў (экс-міністр інфармацыі), кіраўнік Мінінфарма Марат Маркаў, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант і яе муж старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

“Гонар і слава вам, што вы ўсё ж вырашылі самі сваімі сіламі рэалізаваць гэтую задуму, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Хоць, ставячы перад вамі некалі гэтую задачу, я думаў, што вы будзеце прыцягваць і замежнікаў для таго, каб гэта ўсё стварыць. Але калі вы сказалі самі, я думаю: добра, самі, можа быць, нешта недапрацуем, але потым даналадку, як у нас прынята казаць, ажыццявім. Але я, як і вы, вельмі хвалююся за тое, як людзі ўспрымуць усё гэта”.

Лукашэнка адзначыў, што “ўжо нямала часу казалі пра стварэнне” ў Беларусі інфармацыйнага тэлеканала па прыкладзе таго, “як гэта робяць вядучыя тэлевізійныя каналы свету”.

Стварэнне “Першага інфармацыйнага” канала напярэдадні анансавала Агенцтва тэленавін (АТН), якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі. Сцвярджаецца, што на ім будзе “шматгадзіннае вяшчанне навін у зусім новых студыях” з “унікальным графічным пакаваннем”.

Маніторынг СМІ, праведзены ў сакавіку праектам Media IQ, паказаў, што аўтсайдарамі ў выкананні стандартаў журналістыкі былі менавіта дзяржтэлеканалы: АНТ — 2,88 бала з 5 магчымых, “Беларусь 1” — 2,94, СТБ — 3,09.

Яны ж сталі лідарамі ў прапагандзе: у АНТ знойдзена ў 70% даследаваных паведамленняў, “Беларусь 1” — 66,39%, СТБ — 48,31%.

ДзяржСМІ часцей за ўсё парушалі стандарт аддзялення меркаванняў ад фактаў (у 64,7% даследаваных навін) і паўнаты інфармацыі (67,9%). СТБ, АНТ, “Беларусь 1” і партал “СБ. Беларусь сегодня” парушылі хаця б адзін стандарт інфармацыйнай журналістыкі ў 82% з 461 даследаванага сюжэту.

У сакавіку 2022 года Лукашэнка ўвёў абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ. Яны атрымліваюць 10% ад кошту рэкламных паслуг за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, а ў астатніх выпадках — 20%. Таксама на фінансаванне “вытворчасці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі” накіроўваецца 1/26 частка ПДВ, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы даных.

У Беларусі не спыняецца пераслед журналістаў і блогераў. У няволі знаходзіцца 35 супрацоўнікаў СМІ. Пераважная большасць незалежных медыя пазбаўлена магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любая супраца з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Многія рэдакцыі за мяжой апрача маральнага ціску праз неадэкватныя умовы працы зазнаюць матэрыяльныя цяжкасці.

Падзяліцца: