Мінск 08:43

Больш за 10 чалавек затрымана за продаж месцаў у чарзе на мяжы з Польшчай

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

29 жніўня, Позірк. Пра затрыманне больш як 10 чалавек за продаж месцаў у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу паведаміла 29 жніўня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Усе выпадкі “супрацьпраўных дзеянняў” былі зафіксаваныя паблізу пункта пропуску Брэст (ведамства выкарыстоўвае назву Варшаўскі мост, так завецца пункт мытнага афармлення, які знаходзіцца ў тым месцы).

Паведамляецца, што частка парушальнікаў “змешчана ў ІЧУ”.

Паводле інфармацыі МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіК і ГУБЭЗ, міліцыі грамадскай бяспекі, падатковых органаў “праводзяць сумесныя рэйды па выяўленні правапарушэнняў, у тым ліку фактаў незаконнага продажу месцаў у чэргах на ўезд у сумежную краіну”.

У раёне згаданага пункта пропуску ўвесь час нясуць службу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, гаворыцца ў паведамленні. “З пачатку лета да адказнасці прыцягнуты больш за 1,5 тыс. парушальнікаў, у тым ліку кіроўцаў, раварыстаў і пешаходаў. Праца па забеспячэнні парадку ў пункце пропуску працягваецца. Сітуацыя знаходзіцца на асаблівым кантролі”, — заяўляе ведамства.

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, на 14:00 29 жніўня ў чарзе на выезд у Польшчу ў пункце пропуску Брэст знаходзілася 550 легкавых аўтамабіляў і 45 аўтобусаў.

28 жніўня выезду ў Польшчу ў гэты час чакала 500 і 16 транспартных сродкаў адпаведна.

Падзяліцца: