Мінск 19:40

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек

Крыніца: pixabay.com

29 жніўня, Позірк. Яшчэ шэсць чалавек прызнана беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Усе яны альбо абвінавачаныя, альбо ўжо асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх): Аляксандр Тарасевіч (1,5 гады пазбаўлення волі), Наталля Буракоўская, прызнаная таксама вінаватай паводле арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) (3 гады), Аляўціна Гудкова (6 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Брэста пачаўся працэс), Дзмітрый Мірскі (асуджаны, тэрмін пакарання невядомы), Дзмітрый Блашчаніца (тэрмін пакарання невядомы), а таксама абвінавачаны яшчэ і паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) Дзмітрый Фамін.

Праваабаронцы адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: “Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўсталяваныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых людзей”.

Яны патрабуюць вызваліць гэтых ды іншых палітвязняў і спыніць рэпрэсіі.

Заяву падпісалі 29 жніўня праваабарончы цэнтр “Вясна” і “Прававая ініцыятыва”.

На дадзены момант беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітвязнямі 1.371 чалавек.

Падзяліцца: