Мінск 04:10

За тыдзень мытнікі спынілі дзевяць спробаў кантрабанды з Расіі — ДМК

Фота: ДМК

30 жніўня, Позірк. Аб спыненні за тыдзень дзевяці спробаў увозу з Расіі “тавараў розных катэгорый”, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

“Транспартныя сродкі з таварамі спыненыя мытнікамі на беларуска-расійскім участку мяжы”, — адзначае ведамства.

Паводле даных ДМК, “усяго супрацьпраўна мелі намер завезці каля 160 тон і 15 тыс. адзінак тавараў” на агульную суму больш за 225 тыс. рублёў.

“У рэгіёне дзейнасці Віцебскай мытні выяўлены факт увозу без патрэбных дакументаў квадрацыклаў і электрычных ровараў у разабраным выглядзе, — удакладняецца ў паведамленні. — А гомельскія мытнікі ўстанавілі адразу пяць фактаў незаконнага перамяшчэння рапсу. У расійскіх грузавіках агулам знаходзілася больш за 150 тон прадукцыі”.

“Па ўсіх выяўленых парушэннях” перавозчыкі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

ДМК падкрэслівае, што спыненне кантрабанды стала “вынікам правядзення спецмерапрыемстваў, накіраваных на абарону ўнутранага рынку”.

Падзяліцца: