Мінск 16:08

Суд у Бярозе за адзін дзень разгледзеў справу і пазбавіў волі чацвярых удзельнікаў акцыі пратэсту 2020 года

Крыніца: unsplash.com

30 жніўня, Позірк. Суд Бярозаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў да пазбаўлення волі мясцовых жыхароў Сяргея Скробата, Аляксандра Малькова, Ігара Шыманчыка і Сяргея Гоўшу, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Усе чацвёра прызнаныя вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Гоўша асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Малькоў — на два, Скробат — на 1,5, Шыманчык — на адзін.

За адзін дзень разгледзеў справу і вынес прысуд суддзя Дзмітрый Кавалевіч.

Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што “асуджаныя з 10 па 11 жніўня 2020 года, знаходзячыся на вул. Леніна ў г. Бяроза, дзейнічаючы ў групе асоб, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый”. Тым самым, як сцвярджаецца, яны “наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады”.

Асуджаныя прызналі віну.

Праваабаронцы раней паведамлялі, што ў сакавіку 2024 года ў Бярозе прайшлі масавыя затрыманні грамадзян за пратэстную актыўнасць пасля прэзідэнцкіх выбараў. Усяго было затрымана не менш за 10 чалавек.

Сёлета суды па групавых справах за ўдзел у акцыях пратэсту праходзілі ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць).

30 ліпеня пачаўся працэс паводле арт. 342 КК у дачыненні да васьмярых мясцовых жыхароў.

Таксама групавыя справы паводле гэтага артыкула рэгулярна разглядаюцца ў Брэсце. Паводле даных праваабаронцаў, усяго па такіх справах у рэгіёне з пачатку года асуджана не менш за 50 чалавек, пераважная большасць — да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: