Мінск 19:03

Пуцін узнагародзіў Лукашэнку ордэнам у дзень яго 70-годдзя (дапоўнена)

Крыніца: freepik.com

Дададзеныя абзацы 46 і 10

30 жніўня, Позірк. Ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага ўзнагародзіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін Аляксандра Лукашэнку, якому сёння спаўняецца 70 гадоў.

Адпаведны ўказ Пуцін падпісаў 30 жніўня, паведамляе яго прэс-служба.

Заяўляецца, што ордэн паложаны Лукашэнку “за выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванні дружалюбных сувязяў паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы”.

Як паведаміў расійскім СМІ прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, прэзідэнт РФ па тэлефоне павіншаваў Лукашэнку з 70-годдзем і ўзнагароджаннем згаданым ордэнам.

Пяскоў падкрэсліў, што ў Пуціна і Лукашэнкі “вельмі цёплыя, канструктыўныя і саюзніцкія адносіны”.

На пытанне, ці плануе Пуцін накіраваць падарунак Лукашэнку, прадстаўнік Крамля адказаў, што дакладнай інфармацыі пакуль няма, але “асабістыя падарункі абавязкова накіроўваюцца ў такія дні”.

Лукашэнка, паводле яго афіцыйнай біяграфіі, нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага — першы па часе заснавання расійскі ордэн, вышэйшы ордэн Рускага царства і Расійскай імперыі з 1698 па 1917 год. У 1998 годзе ордэн быў адноўлены як вышэйшая ўзнагарода РФ.

Пасля 1998 года ордэн атрымалі 27 чалавек, сярод іх патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, прэзідэнт Азербайджана (1993–2003) Гейдар Аліеў, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў (1991–2019), старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі.

7 кастрычніка 2022 года па прыбыцці на нефармальны саміт СНД у Санкт-Пецярбургу, які праходзіў у дзень 70-годдзя Пуціна, Лукашэнка заявіў журналістам, што падорыць юбіляру трактар “Беларус”.

Падзяліцца: