“Прамудры Гасподзь” паставіў Лукашэнку “ля карміла” ўлады ў Беларусі, заяўляе мітрапаліт Веніямін
30 жніўня, Позірк. “Прамудры Гасподзь судзіў вам ўстаць ля карміла дзяржаўнага кіравання Беларусі ў пераломны момант яе гістарычнага быцця”, — заявіў патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, віншуючы Аляксандра Лукашэнку з 70-годдзем (арфаграфія захаваная).
Тэкст віншавання апублікаваны на сайце Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ).
На думку Веніяміна, Лукашэнка “з гонарам і годнасцю нясе нялёгкі цяжар прац на высокай пасадзе, выяўляючы дзейны клопат аб сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы, уносячы значны асабісты ўнёсак у адстойванне яго суверэнітэту і ўмацаванне дружалюбных адносін з іншымі краінамі, пераадольваючы сучасныя выклікі і з аптымізмам пракладваючы шлях у светлую будучыню <…> роднай Беларусі”.
Усё пералічанае, адзначыў мітрапаліт, “безумоўна, адклікаецца шчырай удзячнасцю ў сэрцах мільёнаў нашых суайчыннікаў”.
Заявіўшы аб “высокім узроўні царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва”, віншавальнік выказаў надзею, што яно і надалей будзе “спрыяць кансалідацыі народа і патрыятычнаму выхаванню моладзі, падтрыманню міжрэлігійнага дыялогу і духоўна-маральнаму аздараўленню грамадства, стварэнню міжнацыянальнага міру і грамадскай згоды”.
“Ад імя Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, святароў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў і народа Божага” Лукашэнка з юбілеем “сардэчна” павіншаваў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі.
“Няхай дапамога Усявышняга ўмацуе вас у здзяйсненні добрых спраў на карысць нашага народа, на карысць дарагой Радзімы Рэспублікі Беларусь. Няхай Усемагутны Бог захавае вас у здароўі, міры і спакоі на доўгія і блажэнныя гады. Разам з вернікамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мы давяраем усё ваша жыццё і служэнне Маці Божай Будслаўскай, апякунцы Беларусі, вашаму нябеснаму заступніку святому Аляксандру на доўгія гады!” — гаворыцца ў віншаванні, апублікаваным на партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі (арфаграфія захаваная).
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і царквы ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія іерархі і вернікі розных канфесій адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі.
З пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе ўлады запалохваюць, затрымліваюць і пагражаюць рэлігійным лідарам і суполкам, абшчыны становяцца аб’ектам распальвання нянавісці і паклёпу з боку дзяржаўнай прапаганды, гаворыцца ў матэрыялах ініцыятывы “Хрысціянская візія”, перададзеных спецдакладчыцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн у лютым гэтага года.
Паводле даных ініцыятывы, з верасня 2020 года па люты 2024 года 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх, 25 пратэстанцкіх святароў, пастараў і служыцеляў падвергліся ператрусам, затрыманням, судам, арыштам, крымінальным пераследам, штрафам, катаванням і пагрозам.
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які памёр у красавіку мінулага года, — адзіны з праваслаўных архіерэяў БПЦ, які адкрыта асудзіў гвалт з боку сілавікоў і беззаконне з боку ўладаў у цэлым пасля выбараў 2020 года, — быў у чэрвені 2021 года адпраўлены на супакой “па стане здароўя”. Пасля ён заявіў журналістам, што яго адстаўка — палітычнае рашэнне.
На фоне ціску на рэлігійных лідараў БПЦ адкрыта падтрымлівае РФ у вайне з Украінай. Так, Свята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію. 7 студзеня мінулага года падчас наведвання манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце.
У Беларусі фарміруецца культ асобы Лукашэнкі — да такіх высноў прыйшлі аўтары сёмага аналітычнага дакладу праекта “Беларускі трэкер перамен”, прэзентацыя якога адбылася 19 чэрвеня.
У дакуменце адзначаецца, што пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў красавіку “стала апагеем паступовай нармалізацыі культу асобы Аляксандра Лукашэнкі”. Аўтары звяртаюць увагу, што фармат мерапрыемства “максімальна наблізіўся да савецка-кітайскіх узораў правядзення з’ездаў кіруючай партыі і іншых вярхоўных калегіяльных органаў”.
“Гэта не праца, гэта жыццё, якое ён паклаў на алтар сваёй краіны і свайго народа”, — сказала аб дзейнасці Лукашэнкі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава 14 ліпеня ў эфіры тэлеканала АНТ.
“Я вам шчыра скажу: ты ўвесь час вучышся ў гэтага мудрага чалавека. Нават калі абстрагуемся ад таго, што гэта прэзідэнт, кіраўнік нашай краіны. Я дакладна ведаю: той чалавек, які аднойчы пачуў нашага прэзідэнта асабіста на сустрэчы, на мерапрыемстве, — гэта ўжо яго прыхільнік. Таму што ў яго такая харызма, ён настолькі сумленны і справядлівы ў адносінах да народа, што гэта заўсёды захоплівае”, — сказала Качанава.
“Чалавекам-глыбай, чалавекам-легендай, з імем якога і асацыюецца Беларусь ва ўсім свеце” назваў 1 ліпеня Лукашэнку кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты ў Маскве на ўрачыстым прыёме ў гонар Дня незалежнасці Беларусі.
Чыноўнік выявіў у Лукашэнкі “харызму і несуцішную энергію”, якія, паводле яго слоў, дазволілі “фактычна стварыць новую краіну, захаваць і ўмацаваць яе суверэнітэт і незалежнасць”.
70-гадовы Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі з 1994 года.
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8 кастрычніка 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка