Мінск 04:13

Патрыярх Кірыл услед за Пуціным вырашыў узнагародзіць Лукашэнку ордэнам

Патрыярх Кірыл у Мінску (чэрвень 2022 года)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

30 жніўня, Позірк. За “развіццё царкоўна-дзяржаўных стасункаў” і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл палічыў “справядлівым уганараваць” Аляксандра Лукашэнку ордэнам святога благавернага князя Данііла Маскоўскага (I ступені).

Пра сваё рашэнні прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), у чыю структуру ўваходзіць Беларускі экзархат, паведаміў у віншавальным пасланні, тэкст якога апублікаваны на сайце Маскоўскага патрыярхата.

“Асаблівую ўдзячнасць хацеў бы выказаць вам за ўвагу да служэння Беларускай праваслаўнай царквы, — адзначыў ён. — Спадзяюся, што добрыя стасункі будуць і надалей спрыяць духоўнай асвете і патрыятычнаму выхаванню моладзі, умацаванню ў грамадстве непераходзячых маральных ідэалаў, захаванню багатай гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, будаванню міру і грамадзянскай згоды”.

На думку патрыярха Кірыла, Лукашэнка “ўсяляк садзейнічае абароне традыцыйных духоўна-маральных і сямейных каштоўнасцей, пашырэнню гуманітарнай супрацы і ўмацаванню брацкага адзінства славянскіх народаў”.

Імяніннік, мяркуе праваслаўны іерарх, мае “выдатны кіраўніцкі талент і палітычную дальнабачнасць”, з дапамогай якіх той нібы змог “своечасова правесці неабходныя сацыяльныя і эканамічныя рэформы ў краіне, нацэленыя на забеспячэнне яе сапраўднага суверэнітэту і стварэнне належных умоў для мірнага і паспяховага жыцця людзей”.

“Акідваючы разумовым позіркам мінулы час, можна з упэўненасцю сказаць, што для вас гэтыя гады былі выкананы шмат якіх стваральных работ на карысць роднай Беларусі і яе жыхароў. На працягу трох дзесяцігоддзяў вы з дбайнасцю і адказнасцю здзяйсняеце служэнне на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, нязменна паказваеце суграмадзянам прыклад любові да Айчыны, вернасці свайму пакліканню, стойкасці духу і сілы волі”, — сцвярджае Кірыл.

Раней стала вядома, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 30 жніўня падпісаў указ аб узнагароджанні Лукашэнкі ордэнам святога апостала Андрэя Першазванага — за “выбітныя заслугі ў развіцці стасункаў саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванні дружалюбных сувязей паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўнёсак у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы”.

Ордэн Данііла Маскоўскага заснаваны ў 1988 годзе. Згодна з палажэннем аб узнагародах РПЦ у актуальнай рэдакцыі 2017 года, ім ўганароўваюцца “святары і свецкія за працу на карысць Святой царквы, у тым ліку за храмабудаванне”.

Адметна, што палажэнне аб узнагародах 2013 года ўскладала на кавалераў гэтага ордэна “асаблівую апеку пра асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, а таксама пра турэмныя храмы”. У цяперашняй версіі дакумента адпаведная норма адсутнічае.

Падзяліцца: