Мінск 20:12

Мінск устанавіў тарыф на транзіт нафты з расійскай Унечы да мяжы з Украінай

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

30 жніўня, Позірк. Мінск устанавіў тарыф на транспартаванне нафты па маршруце Унеча (Бранская вобласць РФ) — межа Беларусі і Украіны, вынікае з пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 53 ад 21 жніўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 29 жніўня, кошт транспартавання па магістральных трубаправодах ААТ “Гомельтранснафта Дружба”, што праходзяць па тэрыторыі Беларусі, па гэтым маршруце складзе 215,78 расійскага рубля за 1 т нета (7,6 беларускага рубля, або 2,4 даляра).

Дакумент уносіць дапаўненне ў пастанову МАРГ № 2 ад 12 студзеня “Аб тарыфах на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаправодах”, у якой вызначаныя тарыфы на транзіт па маршрутах Унеча — Броды (215,78 расійскага рубля) і Унеча — Адамава Застава (629,26 расійскага рубля — 22,2 беларускага рубля, або 7 долараў).

Нафтаправод “Дружба” забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы і яе транзіт у Еўропу. Трубаправод пачынаецца ў Самарскай вобласці РФ, праходзіць праз Бранск і далей разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны і паўднёвы, праходзіць праз Беларусь, Украіну, Польшчу, Чэхію, Славакію, Германію, Венгрыю.

Падзяліцца: