Мінск 08:26

У Камянецкім раёне пройдуць зборы тэрытарыяльных войск

Удзельнікі збораў тэрытарыяльных войскаў у Барысаве
Архіўнае фота: "Мінская праўда"

2 верасня, Позірк. Зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў пройдуць 3–27 верасня ў Камянецкім раёне (Брэсцкая вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Зборы праводзяцца, каб “падвысіць навыкі службовых асоб <…> у фармаванні вайсковых часцей тэрытарыяльных войскаў, а ваеннаабавязаных — у выкананні задач па прызначэнні”.

Плануецца адпрацаваць “прыём ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў і іх усебаковае забеспячэнне з выкарыстаннем рэсурсаў мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання”.

Каманднаму складу належыць “аднавіць навыкі кіравання падпарадкаванымі”, а ваеннаабавязаным — “падрыхтавацца да выканання задач у адпаведнасці з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі і службовым прызначэннем”.

1–23 жніўня праходзілі навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў Маскоўскага раёна Мінска. З 20 жніўня па 13 верасня такія мерапрыемствы праводзяцца ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць).

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы забеспячэння трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

24 лютага 2022 года Расія пры падтрымцы Беларусі пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. З таго часу Мінск практычна ўвесь час праводзіць розныя ваенныя вучэнні, трэніроўкі, зборы.

Падзяліцца: